2012-08-11 16:36:40

Хрысціяне і мусульмане разам рыхтуюцца да прыняцця Бэнэдыкта XVI у Ліване


RealAudioMP3 У ліванскім Сідонэ праходзіць сустрэча па падрыхтоўцы да Апостальскага візіту ў Ліван Бэнэдыкта XVI, які пройдзе з 14 па 16 верасня. Яе адметнасць у тым, што у ёй прымаюць удзел як прадстаўнікі хрысціян, так і мусульман. Адзін з удзельнікаў форуму кс. Гілом Брутэ дэ Рэмюр, рэктар каталіцкай семінарыі “Redemptoris Mater” у Бейруце падкрэсліў, што падчас працоўнай сустрэчы назіраецца згода і паразуменне, бо да візіту Святога Айца радасна рыхтуюцца не толькі католікі, але праваслаўныя і мусульмане. Для католікаў рэгіёну асабліва каштоўна, што на зямлі Лівана Папа падпіша адгартацыю – плён Сінода Біскупаў для Блізкага Усходу. “Адна з асаблівасцяў усходняга хрысціянства – гэта падзелы: прычым, не толькі паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, але і ўнутры касцёльнай супольнасці: паміж мельхітамі, маранітамі, коптамі . Нават калі разнастайнасць ёсць вялікім багаццем, бо кожная супольнасць захоўвае сваю рэлігійную, культурную, духоўную спадчыну, прыгожую і вартую захавання, усё ж застаецца небяспека разладу”, - звярнуў увагу святар. Ён падкрэсліў, што хрысціяне гэтага рэгіёну нясуць сваё сведчанне ў абстаноўцы вельмі моцнага ўплыву ісламу, у тым ліку і яго радыкальных форм. Таму так важна падкрэсліваць агульныя карані, лічыць кс. Гілом дэ Рэмюр.

“Бачым, як важны гэты аспект для Бэнэдыкта XVI, у тым ліку і праз тыя намаганні, якія ён робіць для аднаўлення адзінства з адлучанымі ад Касцёла супольнасцямі”, - падкрэсліў рэктар семінарыі. Ён выказаў радасць з нагоды спецыяльнай сустрэчы з моладдзю падчас візіту Папы. Святар упэўнены, што Святы Айцец дадасць адвагі маладым ліванцам.








All the contents on this site are copyrighted ©.