2012-08-11 16:12:32

Арганізатар пілігрымак: сама дарога, падарожжа – змяняюць чалавека (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 Ініцыятыва Віцебскай дыяцэзіі па арганізацыі пілігрымак ужо даўно перакрочыла межы рэгіёну і перарасла па сваім маштабе ў праект міждыяцэзіяльны, а нават агульнабеларускі. У яе рамках былі здзейснены дзесяткі пілігрымак не толькі па Еўропе, а тут і Рым, і Фаціма, і Лурд, але і за яе межы, тут можна ўзгадаць перш за ўсё Святую Зямлю. У пілігрымкі можа адправіцца кожны, незалежна ад рэлігійнай і канфесійнай прыналежнасці, але іх стыль і змест застаюцца нязменна хрысціянскімі, падкрэслівае адзін з каардынатараў ініцыятывы кс. Юрый Барок.

Кс. Юрый, як нарадзілася гэта ініцыятыва?

Пілігрымка – гэта інтэгральная частка нашага хрысціянства. Да сённяшняга дня ў традыцыях шматлікіх народаў ёсць жаданне падарожнічаць, таму што існуе ўсведамленне, што сама дарога, падарожжа, пілігрымка – змяняюць чалавека. Паломніцтвы былі яшчэ ў часы Вялікага княства літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ініцыятыва ў Віцебскай дыяцэзіі паўстала, каб даць людзям магчымасць пілігрымаваць і, такім чынам, назапашваць свой духоўны досвед, бо, калі чалавек бычыць іншы народ, ён супастаўляе, робіць высновы, развіваецца. Само падарожжа – яно развівае чалавека, перш за ўсё духоўна.

Ініцыятывы дыяцэзіяльная, касцёльная, але ўдзельнікі пілігрымак не заўсёды католікі, нават не заўсёды веруючыя...

Калі мы арганізуем пілігрымкі, даем магчымасць кожнаму чалавеку паўдзельнічаць у іх, незалежна ад яго канфесійнай прыналежнасці. Я лічу, што хрысціянаская спадчына, гэта агульная спадчына, у нас агульныя карані, і важна, каб мы гэта ўсведамлялі. Гэта, здаецца, слушны падыход, бо ў такім выпадку падарожжа спрыяе навязанню дыялога і разуменню адно аднаго. Паўтаруся, само падарожжа, сам працэс, змяняе чалавека. І мне тут узгадваюцца словы Гётэ, які казаў, што шляхі, па якіх ішлі пілігрымы да св. Якуба (маецца на ўвазе Санцьяга дэ Кампастэла), яны сфарміравалі Еўропу. Так і сёння, гэтыя шляхі фарміруюць наш кантынент, яны фарміруюць наш агульны еўрапейскі дом. Людзі з Беларусі, католікі, праваслаўныя, пратэстанты, а нават няверуючыя, шукаючыя шляхі да Бога ў сваім сэрцы, праз гэтыя падарожжы далучаюцца да агульнай хрысціянскай еўрапейскай спадчыны.

Якой прадстаўляецца Еўропа для сучасных беларусаў, па вашых назіраннях за пілігрымамі?

Часта, гэта захапленне. Справа ў тым, што вельмі шмат людзей сустрэлася з Еўропай упершыню дзякуючы нашай ініцыятыве. Звычайна, для іх, гэта велізарнейшае ўражанне, ім не верыцца, што існуе “іншы свет” і ён функцыянуе, жыве, развіваецца. Гэта вельмі натхняе. Людзі прызнаюцца, што пасля вяртання ў Беларусь ім хочацца змяніць нешта на лепшае, зрабіць краіну больш прыгожай, больш чалавечай, адкрытай для чалавека, бо людзі пераконваюцца, што існуе штодзённы быт з “чалавечым тварам”.

А што Беларусы могуць даць сённяшняй Еўропе?

Я бачу глыбокую веру нашага чалавека. Нягледзячы на розныя драматычныя старонкі нашай гісторыі, у чалавека засталася вера. І нават калі наш чалавек трапляе ў нейкі еўрапейскі храм, у якім “сярэднестатыстычны еўрапеец” не зробіць знак крыжа, тым больш, не стане на калені, адразу рэагуе на прысутнасць святасці. Гэта трэба цаніць – глыбокую веру. Касцёл у Беларусі працуе вельмі сур’ёзна, глыбока, грунтоўна; сеецца зерне веры, якое пазней прыносіць плён.

Вы не толькі арганізатар пілігрымак, Вы яшчэ душпастыр. Якія выклікі стаяць перад Касцёлам у Беларусі, якія існуюць праблемы, над чым павінен засяродзіцца Касцёл у бліжэйшы час, на вашу думку, канешне?

Мне здаецца, што нам трэба пазбаўляцца “фальклорнасці” і прывязанасці да прыняцця хрысціянства ў нейкім эстэтычным кантэксце. Натуральна, без гэтага не можна абысціся, але важна, каб чалавек не жыў толькі традыцыямі, фальклорам, а жывой верай. Ёсць ў Беларусі нейкае размежаванне паміж яе ўсходняй і заходняй часткамі. Прывязанасць да абрадавасці заўважальна больш менавіта ў гэтай апошняй. У Цэнтральнай і Усходняй Беларусі ідзе больш біблійная евангелізацыя, дзе чалавек акунаецца ў рэчаіснасць Божага слова. Трэба аб’яднаць Захад і Усход.

У заходняй часцы Беларусі шмат католікаў, і мяне здзіўляе, што да сённяшняга дня там няма ніякай ініцыятывы, ніякага імпэту, каб, скажам, тыя ж сем’і або свецкія вернікі былі нейкім чынам зацікаўлены евангелізаваць усход Беларусі. Бо атрымліваецца, што краіна падзелена на дзве рэчаіснасці. І гэта кепска. Са свайго досведу, а мне прыйшлося працаваць у розных краінах Еўропы, у Афрыцы, Індыі, хачу сказаць, што там я сустрэў імкненне свецкага верніка працаваць для Касцёла, евангелізаваць. І нават сем’і з аднаго гораду пераяжджалі ў другі, каб дзяліцца сваёй верай. Яны кідалі сваю працу і цэлай сям’ёй перасяляліся туды, дзе Касцёлу была патрэбна іх дапамога. Я ўсё чакаю, калі гэта здарыцца і ў Беларусі, калі людзі з яе заходняй часткі, якія маюць глыбокую веру, будуць перасяляцца на ўсход. Трэба нейкім чынам аб’яднаць тое добрае, што існуе на захадзе і ўсходзе краіны. Толькі тады мы будзем мець станоўчы вынік.

Дзякуй за размову.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.