2012-08-10 14:36:12

Іерусалім: новы праект у “Біблійным заапарку”


RealAudioMP3 Іерусалімскі біблійны заапарк (“Jerusalem Biblical Zoo”) пачаў рэалізацыю новага праекта, мэта якога заключаецца ў тым, каб пазнаёміць наведвальнікаў з марскімі стварэннямі, якіх мог бачыць народ Ізраэля, калі ўцякаючы ад егіпецкага фараона, прайшоў праз Чырвонае мора. Паводле задумкі кіраўніцтва заапарка, на яго тэрыторыі будзе пабудаваны вялікі акварыум напоўнены 2 млн. кубаметраў вады. Унутры яго будзе створаны празрысты тунэль, праз які можна будзе хадзіць і назіраць за рыбамі і іншымі марскімі стварэннямі. Паводле мэра Іерусаліма Ніра Барката, акварыум будзе адкрыты для наведвальнікаў у 2015 г.
Іерусалімскі біблійны заапарк з’яўляецца вельмі папулярным і любімым месцам для жыхароў Святой Зямлі. Яго наведваюць каля 750 тыс. чалавек у год. Заапарк быў створаны ў 1940 г. з мэтай сабраць у ім усіх жывёл які узгадваюцца на старонках Святога Пісання. Сёння на яго тэрыторыі, пражывае каля 2200 жывёлаў 270 відаў. Многія з іх трымаюцца ва ўмовах набліжаных да натуральных дзякуючы створаным саванам, лясам, садам, астравам і азёрам. Аб біблійным характары заапарка нагаваюць некаторыя дэкарацыі, напрыклад скультуры біблійных персанажаў, макет Ноева каўчэга і гара Маісея.








All the contents on this site are copyrighted ©.