2012-08-09 12:35:09

Эдыта Штайн перад абліччам “інжынерыі зла”


RealAudioMP3 “L’Osservatore Romano” прысвяціла цэлую паласу сённяшняга нумару Эдыце Штайн або Тэрэзе Бэнэдыкце ад Крыжа, як гучыць яе законнае імя – нямецкай каталіцкай святой яўрэйскага паходжання, якая загінула ў газавай камеры канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц” 9 жніжня 1942 г. Сёння адзначаецца 70-годдзе з дня яе смерці. Ватыканскае выданне распавядае аб апошніх днях жыцця гэтай мучаніцы і звяртае ўвагу на яе мужную паставу перад абліччам “інжынерыі зла”, якая была створана нацыстамі. Будучая святая была арыштавана ў кармелітанскім манастыры Эхт у Галандыі, ў рамках масавай дэпартацыі яўрэяў з гэтай краіны, у тым ліку тых, якія прынялі хрысціянства. Напачатку, разам са сваёй сястрой Розай, Эдыта была пераведзена ў лагер Амерсфут, дзе сваім прыкладам духоўна падтрымлівала вязняў: “насіла, як і іншыя, на сваёй вопратцы зорку Давіда, была спакойнай і апанаванай”. Затым Эдыту перавялі ў іншы лагер, каля нямецкай мяжы, дзе яна адмовілася ад прывілегій, якія ёй былі прапанаваны з боку аднаго са спачуваючых ахоўнікаў. “Не жадала для сябе ніякіх выключэнняў”, - успамінаў гэты чалавек падчас беатыфікацыйнага працэсу.

Сведкі тых падзей распавядалі, што св. Эдыта Штайн шмат малілася, мела ўсмешку на вуснах і такім чынам давала пачуццё бяспекі і надзеі на вызваленне тым, хто быў побач. Вакол яе збіраліся людзі, якія мелі патрэбу ў суцяшэнні, увазе і дапамозе.

У ноч з 6 на 7 жніўня пачалася дэпартацыя у “Аўшвіц”. Машыніст цягніка, на якім везлі вязняў, успамінаў, што вагоны, поўныя людзей, ахоўваліся салдатамі “SS”, па дарозе не спыняліся і не мелі вокнаў. Разам з Эдытай Штайн вывезлі 987 яўрэяў. 9 жніўня, па прыбыцці ў лагер смерці, яны прайшлі праз адбор: 464 былі накіраваны на цяжкую фізічную працу, а 523, адразу пасля прыбыцця, былі адпраўлены на смерць у газавыя камеры. Даследчыкі тых трагічных падзей, адзначаюць, што сярод асуджаных былі жанчыны ў манаскім адзенні, у тым ліку і св. Эдыта Штайн.








All the contents on this site are copyrighted ©.