2012-08-09 12:55:10

Голад у Афрыцы: “Caritas” папярэджвае аб дзіцячай смяротнасці


RealAudioMP3 Без павелічэння дапамогі на працягу бліжэйшых двух-трох месяцаў у афрыканскім Сахеле памрэ ад голаду незлічонае мноства дзяцей. Аб гэтым папярэдзіла эксперт па катастрофах дабрачыннай арганізацыі “Caritas” Сара Эбнэр у інтэрв’ю аўстрыйскаму “Cathpress”. У агульнай складанасці 18 млн. чалавек церпіць ад засухі ў гэтым рэгіёне. Толькі ў Нігеры іх 6 млн. Дабрачынныя арганізацыі, з-за недахопу сродкаў, могуць дапамагчы толькі палове дзяцей, якія недаядаюць. “Caritas” падтрымлівае, напрыклад, у Нігеры, некалькі цэнтраў харчавання для дзяцей да пяці гадоў і цяжарных і кормячых маці. У краіне ў некалькі разоў узраслі цэны на харчаванне, што абсалютна выключыла доступ да яго большасці насельніцтва.

Адзін з найгоршых момантаў “калі вы ўваходзіце ў пакой і на вас ціха глядзяць вочы дзяцей, - прызналася Сара Эбнэр. - Чым больш дзеці пакутуюць ад недаядання, тым менш яны плачуць”. Гэта “аглушальная цішыня проста невыносная”, - дадала яна. Супрацоўніца “Caritas” паінфармавала, што ўжо за 7 еўра можна забяспечыць харчаванне аднаго дзіцяці ў зоне Сахелю на працягу месяца.

Харчовы крызіс, па словах Эбнэр, з’яўляецца “смяротнай сумессю” засухі, росту коштаў на прадукты харчавання, хранічнай беднасці і палітычных канфліктаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.