2012-08-08 11:50:13

Малітоўнае жыццё св. Дамініка


RealAudioMP3 Сваю катэхезу, прамоўленую 8 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі у Кастэль Гандольфа, Бэнэдыкт XVI прысвяціў св. Дамініку – святару і заснавальніку Ордэна братоў прапаведнікаў, больш вядомага як Ордэн дамініканаў. Папа падкрэсліў, што жадае пазнаёміць вернікаў не проста з гісторыяй жыцця гэтага вялікага святога, але важнай часткай яго духоўнасці, а менавіта малітоўным жыццём. “Св. Дамінік быў чалавекам малітвы. Закаханы ў Бога, ён не меў іншага натхнення акрамя збаўленне душаў, асабліва тых, якія патрапілі ў сеці ерасяў; верны паслядоўнік Хрыста, ён радыкальна ўцелавіў тры евангельскія парады, яднаючы прапаведванне Слова са сведчаннем жыцця ў беднасці; пад кіраўніцтвам Святога Духа ішоў шляхам хрысціянскага ўдасканалення. У кожны момант малітва была сілай, якая аднаўляла і рабіла ўсё больш моцнымі яго апостальскія ініцыятывы”, - сказаў Папа.

Пантыфік пазнаёміў вернікаў з успамінамі бл. Джардана Саксонскага, наступніка св. Дамініка на пасадзе кіраўніка ордэна. “На працягу дня, ніхто не быў такім таварыскім як ён ... Але калі наступала ноч, ніхто не быў такім руплівым у малітве. Дзень ён прысвячаў бліжняму, а ноч дарыў Богу”, - пісаў аб св. Дамініку сярэдневечны аўтар. Папа падкрэсліў, што ў постаці гэтага святога відавочна “гарманічная інтэграцыя паміж сузіраннем Боскіх тямніцаў і апостальскай дзейнасцю”.“Паводле сведчанняў самых блізкіх яму асобаў, “ён размаўляў заўсёды з Богам і аб Богу. Гэта назіранне ўказвае на глыбокуе еднасць з Панам і ў той жа час, пастаянную дзейнасць, скіраваную на тое, каб весці іншых да гэтай еднасці”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў, што св. Дамінік не пакінуў пасля сябе нейкіх асаблівых тэкстаў, прысвечаных малітве, але яго малітоўны вопыт быў апісаны адным братам-дамініканінам у ХІІІ ст. у зборніку “Дзевяць спосабаў малітвы св. Дамініка”.

Святы Айцец патлумачыў, што кожны з гэтых дзевяці спосабаў малітвы, выражаецца ў цялесных і духоўных паставах, якія спрыяюць большай сабранасці і запалу. Пантыфік расказаў, што святы маліўся “нахіліўшыся, каб выразіць сваю пакору, клаўся на зямлю, каб прасіць прабачэнне за грахі, станавіўся на калені, каб удзельнічаць у пакутах Пана, маліўся з распасцёртымі рукамі перад крыжам, каб сузіраць Найвышэйшую Любоў, уздымаў вочы на неба адчуваючы прыцягванне свету Бога”. Папа адзначыў, што св. Дамінік падоўгу сядзеў і маліўся пасля Літургіі гадзін і св. Імшы, слухаючы Бога, чытаючы ці ўглядаючыся ў крыж, а таксама “падчас падарожжаў ад аднаго кляштару да іншага, пераходзячы праз даліны і пагоркі і сузіраючы прыгажосць стварэння”. “З яго сэрца выліваўся спеў хвалы і падзякі Богу за шматлікія дары, асабліва за самы цудоўны: адкупленне здзейсненае Хрыстом”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Св. Дамінік нагадвае нам, што ў пачатку сведчання веры, якое кожны хрысціянін павінен даваць у сям’і, на працы, у грамадскай дзейнасці, а таксама ў моманты адпачынку, знаходзіцца малітва. Толькі пастаянныя адносіны з Богам даюць нам сілу, каб перажываць розныя здарэнні, асабліва найбольш пакутныя. Гэты святы нагадвае нам таксама аб важнасці знешняга захавання падчас малітвы. Укленчыць, стаяць перад Панам, углядацца ў крыж, спыніцца і засяродзіцца ў цішыні – гэта ўсё не другаснае, але тое, што дапамагае нам уключыцца ўнутрана, усёй нашай асобай, у адносіны з Богам”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў памятаць аб неабходнасці кожны дзень знаходзіць моманты для таго, каб спакойна памаліцца. Гэта, паводле Святога Айца, будзе добрым спосабам дапамагчы тым, хто знаходзіцца побач, увайсці ў сферу прысутнасці Бога, які нясе мір і любоў, у якіх мы маем патрэбу.







All the contents on this site are copyrighted ©.