2012-08-07 12:15:07

“Рыцары Калумба” гатовыя абараняць Касцёл. Адказ на пасланне Папы


RealAudioMP3 У каліфарнійскім Анахайм 7 жніўня пачаўся 130 з’езд ордэну “Рыцараў Калумба”, адной з самых буйных у свеце арганізацыі свецкіх католікаў. Святы Айцец накіраваў да дэлегатаў форуму сваё пасланне, у якім заклікаў іх цвёрда стаяць на аброне свабоды Касцёла і рэлігіі. Вярхоўны кавалер Ордэну Карл Альберт Андэрсан заявіў, што ўсе члены арганізацыі палічылі за “вялікі гонар” атрымаць пасланне Святога Айца, у якім ён “пацвердзіў важнасць свецкіх вернікаў” у жыцці Касцёла і неабходнасць з іх боку “абараняць Касцёл”. Андэрсан нагадаў, што Папа назваў “беспрэцэдэнтнай” пагрозу, якая з’явілася сёння “для свабоды і грамадскага сведчання Касцёла”, у сувязі з палітыкай урадаў некаторых краін, якія хочуць перагледзець місію Касцёла і паставіць яго ў абмежаваныя ўмовы. “Свецкія вернікі будуць падтрымліваць, абараняць Касцёл і спрыяць яго місіі”, - заявіў кіраўнік “Рыцараў Калумба”.

“Мы ганарымся тым, што працуем у адзінстве з нашымі мясцовымі душпастырамі, у прыватнасці, з нашымі пробашчамі. Мы лічым, што ў гэтым кантэксце выяўляецца жыццяздольнасць Касцёла, дзень за днём. Толькі такім чынам мы можам быць дабрачыннай сілай, групай веруючых католікаў, аб’яднанымі са сваім пробашчам і гатовымі падтрымаць яго і дапамагчы ў яго душпастырскай дзейнасці ў межах яго парафіяльнай супольнасці. Менавіта гэта з’яўляецца адказам на асноўную місію “Рыцараў Калумба”, - заявіў кіраўнік арганізацыі.

Ордэн мае больш за 14 тыс. мясцовых радаў, большасць з іх сканцэнтравана пры парафіях і шырока распаўсюджана ў Злучаных Штатах, Канадзе, Мексіцы, Філіпінах, Польшчы, на Кубе і іншых краінах. Прынцыпамі “Рыцараў Калумба” з’яўляюцца дабрачыннасць, адзінства і братэрства. У мінулым годзе члены ордэну ахвяравалі 158 млн. амерыканскіх долараў на дабрачыннасць і правялі больш за 70 млн. гадзін валанцёрскай працы.







All the contents on this site are copyrighted ©.