2012-08-06 10:44:41

Святы Пасад чакае рэакцыі амерыканскіх законніц на свой мандат


RealAudioMP3 На гэтым тыдні ў Сэнт-Луісе збярэцца Канферэнцыя вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR). У цэнтры ўвагі форуму будзе выпрацаванне рэакцыі на мандат Святога Пасаду па рэфармаванні арганізацыі. У асацыяцыю ўваходзяць 1500 асоб, сярод якіх настаяцельніцы 320 манаскіх кангрэгацый, у якія ўваходзіць 80% законніц у краіне. Пасля чатырохгадовага даследавання, апублікаванага Кангрэгацыяй Веравучэння ў красавіку, арганізацыі была рэкамендавана грунтоўная рэформа.

Прычынай сталі сур’ёзныя парушэнні дактрыны Каталіцкага Касцёла. У прыватнасці размова ішла пра прэзентацыі, публікацыі і прамовы пад эгідай Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц, якія змяшчалі памылкі адносна вучэння пра Найсвяцейшую Тройцу, Эўхарыстыю, боскасць Хрыста, натхненне ў Святым Пісанні, пасвячэнне жанчын і вучэнне Касцёла аб чалавечай сексуальнасці.

Сход Канферэнцыі, які пройдзе 7-10 жніўня, стане першай магчымасцю для ўсіх членаў арганізацыі сабрацца разам і прыйсці да кансенсусу ў рэакцыі на мандат. Старшыня асацыяцыі, сястра францысканка Пэт Фарэл, паведаміла, што існуюць тры варыянты: выконваць мандат, не адказваць на яго і, магчыма, утварыць асобную арганізацыю, якая б адпавядала патрабаванням, пастаўленым Святым Пасадам.

Апостальская Сталіца вызначыла каардынатара ў працэсе рэфармавання Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц. Арцыбіскуп Пітэр Сартэйн атрымаў шырокія паўнамоцтвы ў кантраляванні дзейнасці арганізацыі. Калі ён прапанаваў прыйсці на маючы адбыцца сход, атрымаў адказ, што яго прысутнасць не будзе пажаданай.

Біскуп Леанард Блэр, намеснік арцыбіскупа Сартэйна, сказаў у адным з інтэрв’ю, што калі б Канферэнцыя вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША выказала жаданне да дыялогу па надужываннях у пытаннях веравучэння, не дайшло б да ўмяшання ў гэты працэс Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.