2012-08-06 13:23:34

Касцёл успамінае гадавіну смерці папы Паўла VI


RealAudioMP3 34 таму, 6 жніўня 1978 г., памёр папа Павел VI. З нагоды гэтай даты ў базыліцы св. Пятра адбудзецца ўрачыстая св. Імша, якую узначаліць кардынал Дзіяніджы Тэтаманцы. У літургіі прыме ўдзел таксама дэлегацыя з італьянскага мястэчка Канчэсіо – малой радзімы Паўла VI. Джаванні Батыста Манціні, будучы Пантыфік, нарадзіўся ў 1897 г. Яго айцец акрамя таго, што займаўся адвакацкай, грамадскай і палітычнай дзейнасцю, быў дырэктарам мясцовага каталіцкага часопіса. Сам Джаванні Батыста пасля заканчэння езуіцкай школы паступіў у духоўную семінарыю. Атрымаў святарскае пасвячэнне і пераехаў у Рым, каб працягнуць вучобу ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і Папскай Касцёльнай Акадэміі. З 1923 пачаў працу ў Дзяржсакратарыяце Яго Святасці Пія ХІ. Быў супрацоўнікам Апостальскай нунцыятуры ў Варшаве, блізкім паплечнікам Пія ХІ і Пія ХІІ. У 1954 г. быў прызначаны арцыбіскупам Мілана, а ў 1958 г., з рук Яна ХХІІІ, атрымаў кардынальскі берэт. Нарэшце, у 1963 г., быў абраны 262-м Рымскім Пантыфікам.

За 15 гадоў свайго пантыфікату Павел VI зрабіў некалькі па-сапраўднаму рэвалюцыйных новаўвядзенняў у Касцёле і заклаў фундамент адносін паміж Касцёлам і светам, на якім працягваюць будаваць яго наступнікі. Яму было накавана закрываць ІІ Ватыканскі Сабор, ён адмовіўся выкарыстоўваць папскую тыару – карону Рымскіх Пантыфікаў, быў першым Папам, які падарожнічаў самалётам, наведаў Святую Зямлю і па-сяброўску сустрэўся з праваслаўным Патрыярхам Афінагорам І. У 1968 г. выдаў сваю апошнюю энцыкліку “Humanae vitae”, прысвечаную каштоўнасці чалавечага жыцця і выклікам, звязаным з кантролем за нараджальнасцю і выкарыстаннем кантрацэптыўных сродкаў. Гэты дакумент стаў па-сапраўднаму прароцкім і важным і падрыхтаваў Касцёл да распаўсюджвання фенаменаў, аб якіх казаў Папа. Бэнэдыкт XVI, які сам атрымаў кардынальскую годнасць з рук Паўла VI, неаднаразова звяртаў увагу на каштоўнасць навучання свайго папярэдніка, а таксама на яго актуальнасць у сувязі з эканамічным крызісам, выклікамі эміграцыі і неабходнасці прывівання хрысціянскіх каштоўнасцяў маладому пакаленню.








All the contents on this site are copyrighted ©.