2012-08-05 13:28:00

Кіраўнік украінскіх грэка-католікаў аб дыялогу з праваслаўнымі


RealAudioMP3 Я жадаю дыялогу з Маскоўскім Патрыярхатам, заявіў кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы ў інтэрв’ю для італьянскага выдання “Іl Regno”. Святаслаў Шаўчук ужо больш за год з’яўляецца Вярхоўным архіепіскапам Кіева-Галіцкім. Ён адзначыў, што існуе перапіска, але да гэтага часу не адбывалася прамых сустрэч з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхату. “Яшчэ не пачаўся сур’ёзны дыялог у сувязі з існуючымі праблемамі – адзначыў арцыбіскуп Шаўчук. - Я гатовы да дыялогу, і нават думаю, што мы маем патрэбу ў працэсе прымірэння з Рускай Праваслаўнай Царквой”.

Як нагадаў украінскі іерарх, на працягу 20 гадоў вяртаецца як рэфрэн меркаванне, што грэка-католікі з’яўляюцца перашкодай да сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага. “Нам не ўдалося пакуль-што абмяняцца думкамі на тэму гістарычнай праўды і душпастырскай рэальнасці, - сказаў грэка-каталіцкі арцыбіскуп. - Дыялог павінен адбывацца ў першую чаргу ва Украіне. Маім натуральным суразмоўцай мог бы стаць Мітрапаліт Кіеўскі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. З гэтай Царквой мы маем рэгулярныя кантакты на ўзроўнях душпастырскім, сацыяльным і экуменічным. Калі б Маскоўскі Патрыярхат дазволіў ёй размаўляць з намі і ад яго імя, дыялог мог бы стаць прасцейшым і больш канструктыўным”, - заявіў глава ўкраінскіх грэка-католікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.