2012-08-04 17:23:45

Ватыканскі іерарх: Аўстралія – краіна, дзе Касцёл дэманструе адказнасць за лёс веры


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела прыме ўдзел у канферэнцыі пад назвай “Што такое новая евангелізацыя і што яна значыць для Касцёла”. Яна пройдзе ў Аўстраліі 9-12 жніўня. “Гэта вялікая касцёльная падзея, у якой я буду ўдзельнічаць з вялікім энтузіязмам, натхнёны падтрымкай папы Бэнэдыкта XVI”, - заявіў іерарх ватыканскай газеце. Ён звернецца да ўдзельнікаў з дакладам “Езус і Год веры – неабходнасць новай евангелізацыі”.

Арцыбіскуп Фізікела патлумачыў, што Аўстралія, краіна далёкая геаграфічна, важная частка каталіцкага свету, дзе Касцёл дэманструе адказнасць за лёс веры. “Дастаткова паглядзець сайт Біскупскай канферэнцыі, каб зразумець, што Касцёл ў Аўстраліі наперадзе ў пачынаннях і важнай дзейнасці па новай евангелізцыі”, - звярнуў увагу іерарх. Старшыня нядаўна створанай Папскай рады патлумачыў, што у гэтым кутку свету, як і паўсюль, трэба дайсці з Добрай Навінай да сэрцаў людзей праз новыя сродкі.

450 чалавек, сярод якіх большасць – маладыя святары і свецкія вернікі, адказныя за евангелізацыйную працу, збяруцца ў курортнай мясцовасці Чатсвуд у Новым Паўднёвым Уэлсе. Сярод удзельнікаў форуму будуць таксама прадстаўнікі Новай Зеландыі і Афрыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.