2012-08-04 11:14:47

Беларускі гісторык пра парэшткі з-пад бернардынскага кляштару ў Мінску (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 У нядзелю ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца незвычайная падзея – у крыпце касцёла будуць перапахаваны чалавечыя парэшткі, знойдзеныя падчас раскопак каля былога бернардынскага кляштару ў Мінску. Што гэтыя находкі паведамілі аб гісторыі старажытнага каталіцкага кляштару і горада Мінска, мы запыталі ў загадчыка аддзела археалогіі сярэднявечча Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзіма Кошмана.

Вадзім Іванавіч, калі былі знойдзены парэшткі?

Пачынаючы з сярэдзіны 2000-х гадоў, Акадэмія навук, Інстытут гісторыі і спецыялісты-археолагі вядуць даследаванні гістарычнага цэнтра Мінска. У першую чаргу была ахоплена тэрыторыя так званага былога бернардынскага двара, таму што заказчык гэтых работ звярнуўся да нас і перад забудовай гэтай тэрыторыі (таму што гэта было ўжо вызначана дзяржаўнай праграмай) трэба было даследваць яе. Гэта цэлы комплекс, які склаўся на працягу XVI, XVII, XVIII стагоддзяў у Верхнім горадзе Мінска, раней, дарэчы, вуліцы, якія акалялі квартал, называліся Вялікая бернардынская і Малая бернардынская. Падчас земляных работ каля касцёла, кляштару і так званых Гандлёвых радоў былі знойдзены шматлікія парэшткі – гэта косткі, цэлыя чарапы. Мы збіралі іх на працягу амаль палутара года.

Чыя гэта парэшткі і да якога часу яны адносяцца?

Справа ў тым, што ў эпоху Новага часу, у XVII-XVIII стагоддзях, каля любой культавай пабудовы – царквы або касцёла – узнікалі могілкі. Гэта было пачэсным для гараджан, быць пахаванымі каля культавых пабудоў. Яны былі як звычайнымі гараджанамі, магчыма парафіянамі гэтага касцёла, так і мецэнатамі, таму што ёсць дадзеныя, што у той жа крыпце касцёла былі пахаваны шматлікія выхадцы магнацкіх родаў – Тышкевічаў, Пацаў, Кінсоўскіх, Хмараў. Але хутчэй за ўсё іх парэшткі былі выкінуты яшчэ ў XIX ст., калі касцёл стаў архівам пасля паўстання 1863-1864 г.г. Cам касцёл і кляштар былі зачынены, таму што законнікі-бернардыны падтрымлівалі і прымалі ўдзел у гэтым паўстанні.

Колькі ўдалося сабраць парэшткаў і ў якім яны стане?

Спецыялісту-антраполагу Полацкага ўніверсітэта ўдалося вызначыць каля сотні асоб – большасць дарослыя і 28 дзяцей. Гэта не класічныя кляшторныя пахаванні – кліру ці вышэйшых асоб, бо кляштар мужчынскі, а там былі пахаваны і жанчыны, і дзеці – гэта адзнака гарадскіх могілак. Толькі ў адным выпадку я зафіксаваў нармальнае палажэнне цела, у астатніх ўсе гэтыя пахаванні былі парушаны падчас будаўнічых работ, якія вяліся тут на працягу XIX-XX стт. Справа ў тым, што самі Ганлёвыя рады вакол касцёла бернардынцаў пабудаваны на месцы старажытнай агароджы гэтага бернардынскага комплекса. У XIX ст. было вырашана разбурыць гэтую агароджу, а на яе месцы пабудаваць сетку крамаў. Гэтыя гандлёвыя рады пабудаваны на частцы могілак. Ужо тады горад фактычна паглынаў могілкі. А з цягам часу фотаздымкі канца XVIII-пачатку XIX стт. ніяк не паказвалі, што тут існавалі могілкі. А на старажытных планах касцёла яны абазначаны крыжыкамі. Гэта была даволі вялікая тэрыторыя, таму што па інфармацыі, якую я атрымаў ад даследчыкаў, увесь час там знаходзілі чалавечыя парэшткі. Іншая справа, што лёс гэтых парэшткаў невядомы, недзе закопваліся, не збіраліся мэтанакіравана, каб перадаць для належнага перапахавання, правядзення абраду. Гэта справа гонару, таму што гэта людзі, якія пахаваны па хрысціянскаму абраду і перапахаваць іх было неабходна.

І там былі пахаваны католікі?

Думаю, што па ўсім правілам – праваслаўных хавалі каля праваслаўных храмаў – Марыі Магдалены ці Кацярынінскай царквы, а католікаў і ўніятаў – каля касцёлаў. Але хрысціянскі абрад XVII, XVIII-пачатку XIX стт. не дапускаў пакладання ў магілу рэчаў – манет ці ўтвары, таму і складана адназначна іх датаваць. Думаю, што гэта тыя людзі, і яны знойдуць супакой цяпер у такім жа бернардынскім цудоўным касцёле, але дзеючым.

А як прыйшло рашэнне перапахавання?

Мы звярнуліся да яго эксцэленцыі кс. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, пагаварылі наконт гэтага, пасля чаго з намі звязаліся з касцёла ў Будславе. Было падрыхтавана антрапалагічнае вызначэнне. Было вырашана перадаць парэшткі ім на перапахаванне. Гэта тыя справы, якія трэба рабіць.

Былі ячшэ якія-небудзь цікавыя знаходкі ў кляштары ў апошні час?

Ёсць такі цікавы факт, пры рэканструкцыі манастыра былі знойдзены арыгінальныя пісьмы аднаго манаха, сем пісем бацькоў да яго. Яны датуюцца 1862-63 г.г. Гэта пісьмы напярэдадні паўстання. Вядома яго прозвішча - Філіп Шчырбінскі. Фігуруе некалькі асоб, таксама настрой такі, які панаваў у 60-я г.г. XIX стагоддзя – усеагульная падазронасць, арышты ўжо тады адбываліся.

Вельмі цікава, але вядома, што комплекс бернардынскага кляштару рэканструіруюць пад сучасны гатэль. Ці не знікнуць гэты ўнікальныя знаходкі, а разам з імі і веды аб самым старэйшым будынку ў Мінску?

Знаходкі зараз усе ў Акадэміі навук. Наколькі я ведаю, у планах стварэнне некалькіх музеяў, сярод іх – музей манастырскага быту, які б дэманстраваў усе археалагічныя знаходкі. Не будзем забывацца, што праблемы вялікіх гарадоў, такіх як Мінск, Віцебск, Слуцк, Брэст – гэта праблема старажытных могілак, які разбураюцца. Разбураюцца могілкі не толькі Першай, Другой сусветных войн, але і больш старажытных. Я лічу, што абавязак грамадзяніна, хрысціяніна, уладаў, або выносіць гэтыя аб’екты з-пад зоны забудовы, або перапахоўваць гэтых людзей. Гэта чыесці продкі, прапрапрабабулі, дзядулі і гэтак далей.

Размаўляла Ларыса Абрамчук







All the contents on this site are copyrighted ©.