2012-08-03 15:53:17

Сусветнавядомы святар-навуковец за добрую навуковую падрыхтоўку святароў


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” піша аб польскім каталіцкім навукоўцы, прафесары, выкладчыку фізікі, матэматыкі і тэалогіі кс. Міхале Хэлеры. Сваімі даследваннямі і верай ён сведчыць аб адзінстве навукі і тэалогіі, якія часта супрацьпастаўляюцца адно аднаму. Паводле Хэлера, якога ватыканскае выданне называе “чалавека-мастом”, важна аднавіць жыццёвую сувязь паміж культурай навуковай і касцёльнай, і пачаць гэта ад выкарыстання метадаў, распрацаваных сучаснай навукай. На думку польскага святара і навукоўца, кожны даследчык з’яўляецца чалавекам рэлігійным, хоць магчыма і не належыць да ніводнай Царквы, таму што заўсёды мае справу з рацыянальнасцю прыродных з’яў – а гэта рэчаіснасці, якія ставяць чалавека перад абліччам невядомага.

Акрамя таго, кс. Хэлер, лаўрэат прэстыжнай Тэмплтонаўскай прэміі, праз гістарычны аналіз адносін паміж сучаснай навукай і верай, прыйшоў да высновы, што першая глыбока ўкаранёная ў другой. На яго думку, выпадак з Галілеем, аб якім часта гаворыцца як аб пачатку супрацьстаяння паміж гэтымі двума сферамі, на самой справе быў абумоўлены тым, што Касцёл падазрона адносіўся да адкрыццяў і новых ідэй у сувязі з пачаўшайся ў XVI ст. Рэфармацыяй.

Прафесар перакананы, што будучыя святары павінны быць добра падрыхтаваныя ў навуковым сэнсе, але сёння гэтага няма з прычыны дамінавання гуманітарнага ўхілу ў філасофіі, а таксама таго, што пасля ІІ Ватыканскага Сабора распаўсюдзілася меркаванне, што святары павінны пераважна займацца душпастырскай дзейнасцю. “Аднак таксама і святары- навукоўцы займаюцца душпастырствам, бо маю здольнасць размаўляць з навукоўцамі карыстаючыся іх мовай і такім чынам устанаўліваць з імі дыялог”, - мяркуе кс. Міхал Хэлер.

Ён аўтар каля 30 кніг і 400 артыкулаў, прысвечаных тэорыі адноснасці, квантавай механіцы, касмалогіі, філасофіі і гісторыі навукі, геаметрычным метадам у рэлятывісцкай фізіцы. Адно з пытанняў, якімі займаўся Хэлер, гучыць так: “Ці патрэбна Сусвету прычына?”.








All the contents on this site are copyrighted ©.