2012-08-03 15:21:25

Святога Айца запрашаюць у Румынію


RealAudioMP3 Андрэй Марга, міністр замежных спраў Румыніі, паведаміў, што ў верасні прыбудзе ў Ватыкан, каб запрасіць Бэнэдыкта XVI у краіну. Па словах румынскага міністра, у Румыніі ўжо пачалася падрыхтоўка да прыняцця Пантыфіка. Марга дадаў, што для краіны візіт Папы, калі ён адбудзеццца, “стане вялікім гонарам і застанецца яркай старонкай гісторыі. (...) Папа Бэнэдыкт з’яўляецца адной з найвялікшых постацяў тэалогіі і культуры нашых часоў”, - дадаў доктар філасафіі і былы рэктар універсітэта.

Міністр паведаміў, што ў рамках падрыхтоўкі да візіту, улады гатовы аказаць садзейнічанне ў вырашэнні існуючых спрэчных праблем, між іншым, рэстытуцыі маёмасці, канфіскаванай у Грэка-каталіцкай Царквы. Андрэй Марга падкрэсліў, што па многіх пытаннях у Румыніі і Святога Пасаду існуе аднолькавае меркаванне, напрыклад, што тычыцца свабоды рэлігіі, павагі да жыцця і годнасці чалавека. Ён прыгадаў шматлікія заявы Святога Пасаду у абарону румынскіх эмігрантаў у Заходняй Еўропе.

Ян Павел II наведаў Румынію ў маі 1999 г. і быў першым і адзіным на сённяшні дзень Пантыфікам, які прыбыў з візітам у краіну з праваслаўнай большасцю. 84% румынаў лічаць сабе праваслаўнымі; католікі складаюць тут крыху больш за 5% .








All the contents on this site are copyrighted ©.