2012-08-01 11:34:37

Без малітвы збаўленне немагчыма


RealAudioMP3 1 жніўня, пасля ліпеньскага перапынку аднавіліся агульныя аўдыенцыі з удзелам Святога Айца. Бэнэдыкт XVI працягвае знаходзіцца ў Кастэль Гандольфа, таму сустрэча з вернікамі прайшла перад Апостальскім палацам яго летняй рэзідэнцыі. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў навучанню аб малітве св. Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і Доктара Касцёла, заснавальніка кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля, апекуна спецыялістаў у галіне маральнай тэалогіі і спаведнікоў. Літургічны ўспамін гэтага святога адзначае Касцёл сёння. Папа падкрэсліў, што св. Альфонс з’яўляецца адным з самых любімых народам святых XVIII ст. Ён прывабліваў вернікаў сваім простым стылем паводзінаў, а таксама навучаннем аб сакрамэнце споведзі. Святы Айцец расказаў, што св. Альфонс заклікаў спаведнікоў сведчыць перад вернікамі аб “радасных абдымках Бога Айца, які ў сваёй бясконцай міласэрнасці не стамляецца прымаць кожнага сына, які пакаеўся”, а гэта было вельмі актуальна у перыяд “вялікай строгасці – плёну ўплываў янсенізму”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што св. Альфонс называў малітву “неабходным і надзейным сродкам, каб дасягнуць збаўлення і ўсіх неабходных ласкаў”. Святы быў упэўнены ў тым, што “збавіцца без малітвы вельмі складана, нават немагчыма, але для тых, хто моліцца, збаўленне становіцца надзейным і простым”.“Гаворачы, што малітва – гэта неабходны сродак, св. Альфонс жадаў нам патлумачыць, што ў кожнай жыццёвай сітуацыі неабходна маліцца, асабліва ў моманты выпрабаванняў і цяжкасцяў. Мы заўсёды павінны з даверам стукаць у дзверы Пана, ведаючы, што Ён ва ўсім клапоціцца аб сваіх дзецях. Таму, мы пакліканы не баяцца звяртацца да Яго і з даверам прадстаўляць нашы патрэбы, з упэўненасцю, што атрымаем тое, што патрабуем”, - сказаў Папа.



Бэнэдыкт XVI адзначыў, што такім чынам малітва становіцца галоўным у нашым жыцці і тычыцца таго, што нам на самой справе неабходна. “Больш чым у якой-небудзь іншай рэчы, мы маем патрэбу ў збаўчай прысутнасці Бога, якая робіць наша існаванне па-сапраўднаму чалавечым, і таму поўным радасці”, - сказаў Папа.

“Толькі праз малітву мы можам дасягнуць Яго і ягоных ласкаў, якія асвятляючы нас у кожнай сітуацыі, робяць больш дзейснай волю, гэта значыць, робяць нас больш здольнымі рабіць дабро. Вучань Пана ведае аб тым, што заўсёды будзе падвяргацца спакусам, і не стамляецца прасіць дапамогі ў Бога у малітве, каб перамагчы іх”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што св. Альфонс ставіў у прыклад св. Філіпа Нэры, які “як толькі прачынаўся раніцай, казаў Богу: “Пане, трымай сёння свае рукі над Філіпам, бо калі не будзеш, Філіп табе здрадзіць”. “Таксама і мы, свядомыя нашых слабасцяў, павінны прасіць дапамогі Бога з пакорай, давяраючы толькі багаццю яго міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў вернікаў памятаць, што адносіны з Богам маюць першасную важнасць у жыцці кожнага чалавека і што “толькі асабістая штодзённая малітва і ўдзел у сакрамэнтах, можа дазволіць узрастаць у нас Боскай прысутнасці, якая будзе кіраваць нашым шляхам – асвеціць яго, зробіць надзейным і спакойным, нягледзячы на цяжкасці і небяспекі”.

Пасля аўдыенцыі вернікі пачулі падсумаванне папскай катэхезы на некалькіх мовах, паля чаго Святы Айцец прывітаў усіх на французскай, ангельскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, польскай, славацкай і італьянскай мовах.








All the contents on this site are copyrighted ©.