2012-07-31 17:28:54

Кардынал заклікаў маліцца за Францыю


RealAudioMP3 Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі кардынал Андрэ Вэн-Труа звярнуўся да ўсяго Касцёла ў краіне, каб кожная парафія далучылася да агульнанацыянальнай малітвы аб заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня ва ўрачыстасць Унебаўзяцця. У сваім пасланні арцыбіскуп Парыжа нагадаў, што традыцыя малітвы за Францыю мае глыбокія карані ў гісторыі. Упершыню яна прагучала ў 1638 г. падчас каранацыі караля Людовіка ХІІІ. У пасланні, накіраваным ў кожную парафію краіны, кардынал выказвае цвярозае разуменне таго, што ініцыятыва адразу патрапіць пад шквал крытыкі з боку не толькі атэістаў, але нават і католікаў. Іерарх піша, што ўжо чуе сказаныя з іроніяй словы: “Ці ж яна сёння мае сэнс? Ці ж гэта не зварот да практыкі самых кансерватыўных і нацыяналістычных колаў?”.

Тут трэба нагадаць, піша на гэты конт каталіцкая французская газета “La Croix”, што сапраўды малітва да Маці Божай ніколі не была забыта. Вернікі ніколі не спыняліся звяртацца да Беззаганнай з малітвай аб кіраўніках краіны. Запрашэнне кардынала Вэнт-Труа да малітвы надае ёй больш значнасці і важнасці, страчаных для многіх французаў.

Тэкст, прапанаваны вернікам, сугучны з цяперашнімі дэбатамі аб сацыяльнай справядлівасці ў французскім грамадстве; ён звяртае ўвагу на ўважлівыя адносіны да пытанняў падтрымання якасці жыцця для ўсіх. Асабліва падкрэслена неабходнасць захавання правоў сям'і, каб дзеці і моладзь не станавіліся ахвярамі пажаданняў і канфліктаў дарослых, але “маглі расці ў поўні любові роднай маці і роднага бацькі”, - гаворыцца ў пасланні кардынала Вэн-Труа. Гэты заклік, як падкрэслівае французская газета, яшчэ адзін прыклад заклапочанасці католікаў аб будучыні Францыі







All the contents on this site are copyrighted ©.