2012-07-30 16:21:49

Партугалія: маўчанне і цэнзура


RealAudioMP3 “Маўчанне і цэнзура ў масавай камунікацыі” – над такой тэмай паразважаюць удзельнікі Дзён камунікацыі ў Партыгаліі, якія пройдуць 27-28 верасня ў Фаціме па ініцыятыве мясцовага епіскапату. Тэма форума сугучная з дэвізам Сусветных дзён масавай камунікацыі 2012 г., якую запрапанаваў Бэнэдыкт XVI – “Маўчанне і слова: шлях да евангелізацыі”. У сваім пасланні Святы Айцец падкрэсліў непарыўную сувязь, якая існуе паміж маўчаннем і словам у евангелізацыйнай дзейнасці. “Маўчанне з’яўляецца інтэгральнай часткай камунікацыі, і без яго словы не будуць напоўнены зместам, - пісаў Пантыфік, - У маўчанні мы чуем і лепш пазнаём саміх сябе, нараджаецца і паглыбляецца думка, мы больш выразна разумеем тое, што хочам сказаць, або тое, чаго чакаем ад іншага, робім выбар, як паказаць сябе. Калі мы маўчым, мы дазваляем іншай асобе гаварыць (…), каб не быць прывязаным толькі да нашых словаў ці нашай ідэі, без адпаведнага абмену думкамі. Такім чынам адкрываецца прастора ўзаемнага слухання і становяцца магчымымі больш поўныя міжчалавечыя адносіны”, - лічыць Папа.

На мерапрыемстве ў Фаціме выступяць каталіцкія іерархі з Партугаліі, а таксама журналісты і спецыялісты ў сферы медыя. Дапаможны біскуп Лісабона пазнаёміць удзельнікаў форума з дынамікай стварэння інфармацыі і рэакцыяй на яе Касцёла. Акрамя таго, адбудзецца круглы стол на тэму “Маўчанне і цэнзура ў рэлігійнай камунікацыі”. Удзельнікі форума таксама паразважаюць аб маўчанні і цэнзуры ў сучаснай медыйнай прасторы. Закончыцца мерапрыемства канферэнцыяй на тэму “Свабода, адказнасць, рэгуляванне”.







All the contents on this site are copyrighted ©.