2012-07-29 11:58:38

Маладыя католікі Беларусі завяршылі свой форум


RealAudioMP3 Сёння ў Івянцы завяршылася Малітоўная сустрэча моладзі. Раніцай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў Св. Імшу, пасля чаго ўдзельнікі даручылі сябе Маці Божай Беззаганай. У гэтым годзе каля 250 чалавек сабраліся ў невялікім мястэчку ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Гэты форум сёлета адзначыў свой першы юбілей – стаў 5 па ліку. А “Музычная майстэрня” – адна з галоўных частак моладзевага мерапрыемства – адзначыла ўжо 10-цігоддзе з дня заснавання

Сюды прыязджаюць людзі, якія граюць у хрысціянскіх гуртах або спяваюць у парафіяльных хорах. Не ўсе спачатку ведаюць нават асаблівасці літургіі. Таму разам са спевамі атрымліваюць і веды. Пазнавальных мерапрыемстваў і для іншых удзельнікаў сустрэчы было дастаткова. Канферэнцыі “Я адказны за Касцёл”, “Я ў каталіцкіх СМІ”, размова с біскупамі. Учора амаль гадзіну на пытанні моладзі адказваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. З-за спякоты своеасаблівую прэс-канферэнцыю перанеслі ў касцёл – за тоўстымі сценамі храма XVIII стагоддзя захоўваецца прахалода. Моладзь проста засыпала пытаннямі арцыбіскупа – шмат было падрыхтавана раней і дасылалася па электроннай поште, шмат – узнікала спантанна. Пыталіся аб манаскіх супольнасцях, аб музычных гуртах, аб сям’і. На ўсе, прызнаўся мітрапаліт, ён адказваў шчыра і адкрыта.

“Шмат пытанняў было на тэму сям’і, абароны жыцця і гэта добра, што людзі цікавяцца, асабліва моладзь. Ведаем, што сёння дэмаграфічны крызіс закрануў многі краіны свету і Беларусь у тым ліку. Таксама шмат пытанняў было адносна выкарыстання сродкаў масавай камунікацыі ў справе евангелізацыі, жыцця Касцёла, ідэнтыфікацыі жыцця і гэтак далей. І моладзь цікавіцца, яны хацелі браць большы ўдзел у гэтым. Справа валанцёрства закраналася. Такія жыццёвыя пытанні дэманструюць, што моладзь, якая знаходзіцца тут, яна не стаіць з боку ад Касцёла, гэта не гледачы, якія выключна крытыкуюць футбалістаў ці хакеістаў, гэта члены Касцёла, удзельнікі Касцёла, удзельнікі касцёльнага жыцця”, - заўважыў арцыбіскуп.

Але ў гэтым годзе форум меў і свае асаблівасці. Івянец стаў яшчэ ядным пунктам маршрута крыжовага шляху-аўтапребегу ў абарону жыцця “Ад акіяну да акіяну”. У касцёл валанцёры прывезлі копію іконы Маці Божай Чэнстахоўскай, якая стала святыняй гэтай маштабнай акцыі. Да яе далучыліся ўжо дзве хрысціянскія Царквы – Праваслаўная і Каталіцкая. Сутнасць – пранесці цудоўны абраз ад берагоў Ціхага да берагоў Атлантычнага акіянаў і прыцягнуць увагу моладзі да Божага дару жыцця, што сёння адыходзіць на другі план.

Шмат часу моладзь у Івянцы правяла пад аткрытым небам – жыла ў палатачным гарадку, абедала ў палявой кухні. Рыцары перанеслі ўдзельнікаў у сярэднявечча – іх з’яўленне сугучна з тэмай сустрэчы – “Я – рыцар Евангелля”. Сваімі ўражаннямі напрыканцы 3-дзённага форуму падзялілася Ксенія Смірнова.

“Гэта адпачынак, адпачынак фізічны і духоўны ў першую чаргу. Нават гэтыя хвіліны цішыні падчас малітвы – яны дзейнічаюць настолькі моцна, што я не ведаю, як апісаць. Я сама на самой справе плакала і не ведала чаму. Сапраўды, чалавек такі забеганы ў сучасным свеце, што няма часу спыніцца і падумацца над сваім жыццём і як жыць далей. І я цешуся вельмі, я прыязджаю ўжо 5 год. Сапраўды, дзякуй усім і Пану Богу ў першую чаргу”, - сказала ўдзеліца форуму.

Сёння ўдзельнікі малітоўнай сустрчы цёпла развіталіся, каб сустрэцца ў наступным годзе – на тым жа месцы ў той жа летні час.







All the contents on this site are copyrighted ©.