2012-07-29 14:01:22

Кс. Ламбардзі: што можа быць важней за золата медалёў?


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі звяртае ўвагу на тое, што падчас Алімпійскіх гульняў важна паяднасць барацьбу за медалі, захапленне сілай і прыгажосцю чалавечага цела з пасланнем надзеі і міра для міжнароднай супольнасці, якое нясе ў сябе гэта спартыўнае мерапрыемства. У сваёй рубрыцы на Ватыканскім радыё кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што Алімпіяда з’яўляецца нагодай для “мабілізацыі” хрысціянскіх Цэркваў. Ён прыгадаў, што яшчэ з часоў Алімпійскіх гульняў у Барселоне ў 1992 г. дзейнічае экуменічная ініцыятыва “More than Gold – Важней за золата”, да якой у гэтым годзе далучыўся Каталіцкі Касцёл. Мэта гэтай ініцыятывы заключаецца ў спрыянні супольнаму будаванню “Валадарства Божага ў атмасферы узнёсласці і касмапалітызму Алімпіяд”. Езуіт таксама звярнуў увагу на тое, што 27 ліпеня ўсе хрысціянскія святыні Лондана звонам віталі спартсменаў і турыстаў прыбыўшых для ўдзелу ў мерапрыемстве, каб дапамагчы ім “узнесці да Бога ўласныя сэрцы”.
“Што можа быць “важней за золата” самых прэстыжных медалёў, важней за захапленне поспехам, які у сваёй глыбіні з’яўляецца эфімерным? Захапленне сілай, вытанчанасцю, хараством і магчымасцямі атлетаў не павінна, аднак, абмяжоўвацца культам прыгажосці чалавечага цела, але весці да разумення таго, што перад намі – выхаванае цела, якое кіруецца воляй і розумам, духам, які ў ім жыве,”- адзначыў кс. Ламбардзі.
Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што ў такім святле варта паглядзець на Паралімпійскія гульні, якія даюць усім нам зразумець глыбінны сэнс Алімпійскіх. “Справядліва будзе аб’яднаць, непарыўным чынам, Алімпіяды з надзеяй і мірам для міжнароднай супольнасці чалавецтва”, - сказаў езуіт. Ён дадаў, што аб гэтым кажа старажытная традыцыя “алімпійскага перамір’я”, аб якой 22 ліпеня нагадаў Бэнэдыкт XVI калі заклікаў маліцца, каб Алімпіяда ў Лондане “стала сапраўдным досведам братэрства паміж народамі Зямлі!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.