2012-07-27 10:48:11

Арганізатар Кангрэсу каталіцкіх СМІ: надаць каталіцкім медыя новы накірунак


RealAudioMP3 У Беларусі на фінішную прамую выйшла падрыхтоўка да І Кангрэсу каталіцкіх СМІ, які пройдзе ў Гродна 24-26 жніўня. Лейтматывам будзе дэвіз “Інтэрнэт, радыё, прэса, тэлебачанне: католікі – мы тут ёсць!”. Ужо на працягу некалькіх месяцаў ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства, запрошаны госці і эсперты з Беларусі і з-за мяжы. Чым будзе цікавы гэты форум і якіх вынікаў можна чакаць ад яго, мы запыталі ў адказнага за арганізацыю кс. Паўла Салабуды.

Скажыце, калі ласка, хто быў ініцыятарам І Кангрэсу каталіцкіх СМІ і чаму ўзнікла неабходнасць яго правядзення?

Ініцыятарам быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У частых размовах мы ўздымалі тэму развіцця каталіцкіх СМІ ў Беларусі і што яшчэ можна зрабіць для іх далейшага развіцця. Узнікла такая думка, каб сабрацца разам, каб супольнасць каталіцкіх журналістаў, якія працуюць у рэлігійных і свецкіх СМІ, пазнаёмілася. Вельмі важна таксама будзе абмяняцца поглядамі, думкамі.

Ці выклікаў анонс Кангрэсу зацікаўленнасць у прадстаўнікоў СМІ? Колькі ўдзельнікаў зарэгістравалася да гэтага часу?

На пачатку не было вялікай зацікаўленнасці, бо не было ні плану, ні спісу гасцей, дакладчыкаў і экспертаў. Але хачу сказаць, што на дадзены момант ужо зарэгістраваліся 30 чалавек. Трэба адзначыць, што Кангрэс будзе выключны – будзе шмат цікавага. І ён у першую чаргу арганізаваны для тых людзей, якія працуюць у СМІ – на радыё, тэлебачанні, у Інтэрнеце.

Хто з замежных гасцей запрошаны на Кангрэс?

З замежных гасцей хочацца, перш за ўсё, адзначыць польскага кінарэжысёра Кшыштафа Занусі, а таксама медыя-эксперта Паўла Левушкана, таксама рэдактара рэлігійна-інфармацыйнай службы на Украіне Алену Кулыгіну, дырэктара Ватыканскага радыё айца Анджэя Капроўскага, вельмі шмат будзе цікавых спікераў, будуць прафесійныя журналісты з Украіны, Польшчы. Таксама запрашаем нашых беларускіх католікаў, якія працуюць ў нашых СМІ ў Беларусі.

Якая праграма чакае ўдзельнікаў Кангрэсу?

Удзельнікаў Кангрэсу чакае вельмі цікавая праграма. Перш за ўсё, будуць рэфераты на розныя тэмы, звязаныя з дзейнасцю католікаў у мас-медыя. Журналісты з Украіны будуць апавядаць аб тым, як развіваецца ўжо арганізаваная супольнасць каталіцкіх журналістаў на Украіне. Будуць штодзённа праводзіцца майстар-класы прафесійнымі журналістамі, на якіх можна будзе чамусьці навучыцца. Будуць арганізаваны таксама круглыя сталы, дзе можна будзе задаць канкрэтнае пытанне прафесіяналам з-за мяжы. Таксама можна будзе ўбачыць рэаліі развіцця каталіцкіх медыя ў Беларусі. Напрыканцы нашага Кангрэсу мы адзначым узнагародамі людзей, якія ўжо шмат зрабілі ў галіне медыя як католікі.

Якія праблемы плануецца абмеркаваць падчас форуму?

Праблем шмат, і мы не баімся гэтых праблем. Перш за ўсё, будзем глядзець на чатыры важныя накірункі – гэта Інтэрнэт, радыё, тэлебачанне і друк. Супольна хочам засяродзіцца над тым, што трэба зрабіць, каб голас Касцёла быў пачуты ў гэтай медыйнай прасторы. Што зрабіць, каб інтэрв’ю было больш цікавым, каб напісаць цікавую навіну аб жыцці Касцёла, у якім прысутнічаў бы момант катэхізацыі, гэтага сёння нам не хапае. Што зрабіць, каб інтэрнэт-старонкі былі на ўзроўні, які накірунак далейшага развіцця працы ў сацыяльных сетках, блогах, якіх у Беларусі вельмі мала. Чарговай важнай праблемнай сферай будзе разважанне над тым, як падаць чытачу больш хрысціянскага зместу, каталіцкага. Сёння не хапае артыкулаў на рэлігійную тэму ў свецкай прэсе. Будзем разважаць, як палепшыць супрацоўніцства са свецікімі СМІ. Усіх дакладчыкаў я прасіў, каб яны менавіта падказалі нам, што трэба зрабіць для развіцця нашай медыйнай дзейнасці ў Беларусі.

На Ваш погляд, як можна ахарактэрызаваць узровень каталіцкіх мас-медыя ў Беларусі? Чаго яшчэ ім не хапае?

Вельмі цяжка ахарактэрызаваць узровень каталіцкіх СМІ ў некалькіх словах. За апошні час можна заўважыць, што медыя пайшлі наперад – гэта і развіццё каталіцкай прэсы, і дзейнасць у Інтэрнэце, медыйная дзейнасць на радыё і тэлебачанні, пішуцца артыкулы на рэлігійныя тэмы. Але не хапае галоўнага – надаць усяму гэтаму новы накірунак. І на маю думку, вынікі Кангрэсу дадуць новы накірунак нашай будучай працы ў медыя.

Якіх вынікаў арганізатары форуму чакаюць ад Кангрэсу, як з пункту гледжання звышзадачы, так і практыкі?

Вынікі гэтай сустрэчы, думаю, будуць вельмі важнымі ў жыцці нашага Касцёла. Мы не звяртаем увагу на колькасць асоб, якія прыедуць на Кангрэс, а глядзім на якасць у першую чаргу. Гэта будуць тыя людзі, якія штодзённа працуюць з мас-медыя і ў іх і вераць у Бога. Таму, тое зерне, якое будзе засеяна на іх журналісцкую глебу, дасць вялікія плады. Мы спадзяемся, што Кангрэс мабілізуе нас да больш актыўнага ўдзелу і працы на медыйнай ніве, каб лепш абвяшчаць Евангелле праз сродкі масавай камунікацыі. Хочацца падкрэсліць, што разам мы можам зрабіць шмат, таму я запрашаю ўсіх католікаў, якія працуюць у каталіцкіх СМІ, у свецкіх СМІ на наш першы Кангрэс, які адбудзецца 24-26 жніўня ў Гродна пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Дзякуй за размову.







All the contents on this site are copyrighted ©.