2012-07-26 14:18:13

Шатландыя: Касцёл пратэстуе супраць легалізацыі аднаполых саюзаў


RealAudioMP3 Шатландыя можа стаць першай з краін Вялікабрытаніі ў якой будуць
легалізаваны аднаполыя саюзы. З ініцыятывай такога законапраекта выступіла віцэ-прэм’ер гэтай краіны Ніколя Старджон. Плануецца, што закон аб юрыдычным прызнанні аднаполых саюзаў пачне дзейнічаць у 2015 г. Падобная ініцыятыва была прадпрынята таксама ў брытанскім урадзе, аднак яна сустрэлася з пратэстам Кансерватыўнай партыі. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Глазга Філіп Тарталья расказаў, што мясцовы Касцёл ужо прызвычаіўся да дзеянняў палітыкаў, якія прыняліся цалкам і бескампрамісна рэалізоўваць ліберальныя праграмы. “Гэта нас ставіць у такія ўмовы, што мы павінны пастаянна прапаноўваць хрысціянскае бачанне адносна годнасці чалавека, сям’і, задумы аб чалавеку ў цэлым. Гэта нялёгкае заданне”, - расказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што асабліва ва ўмовах цяперашнія спрэчак выражаюцца ўсе цяжкасці, што існуюць у адносінах паміж Касцёлам і грамадствам.

“Нажаль, многія з гэтых аргументаў уваходзяць у вельмі эмацыянальную сферу і тут вельмі складана заклікаць да рацыянальнасці. Існуе шмат нецярпімасці, а часам мова, якая выкарыстоўваецца становіцца вельмі інструменталізаванай і закрывае дзверы для дыялога, замест таго, каб адкрываць яго”, - сказаў арцыбіскуп Тарталья. Іерарх адзначыў, што ў Шатландыі, калі СМІ жадаюць пачуць меркаванне праціўнікаў легалізацыі аднаполых саюзаў, то часцей за ўсё звяртаюцца да прадстаўнікоў Касцёла. “Гэта значыць, што людзі ведаюць аб укладзе, які робяць католікі, нават калі і баяцца прызнацца ў гэтым. Яны ведаюць добра, што калі мы не будзем казаць на гэту тэму, то ніхто не будзе. Такім чынам, хоць мы і не заваявалі грамадскую думку, але я думаю, што наш голас будзе прароцкім і прывабіць шмат людзей, нават калі і не з элітарных класаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Глазга.








All the contents on this site are copyrighted ©.