2012-07-25 12:36:15

Католікі і лютэране разам аб 500-годдзі Рэфармацыі


RealAudioMP3 Камісія па лютэранска-каталіцкім дыялогу ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 500-гадовага юбілею Рэфармацыі распрацавала сумесны дакумент, паведаміў сайт Сусветнай лютэранскай федэрацыі. Тэкст, азагалоўлены “Ад канфлікту да садружнасці. Сумесная лютэранска-каталіцкая гадавіна Рэфармацыі ў 2017 г.” быў разгледжаны на 4-м пленарным пасяджэнні камісіі ў падэрборнскім экуменічным інстытуце Іагана Адама Мелера.

У дакуменце адзначаецца, што 500-годдзе Рэфармацыі супадае са святкаваннем 50-годдзя пачатку лютэранска-каталіцкага дыялогу ў 1967 г. Экуменічныя адносіны былі ініцыяваны прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Сакрамэнт хросту робіць лютэран і католікаў членамі аднаго Цела Хрыстовага, і “ва ўмовах расколу лютэране і католікі імкнуцца дасягнуць поўнай саборнасці Касцёла”, значыцца ў сумесным дакуменце.

З аднаго боку, прысутнічае радасць з нагоды дасягнутага за 50 гадоў дыялогу садружнасці. З іншага боку, пануе боль ад таго, што нешта да гэтага часу аддзяляе нас адно ад аднаго, адзначаюць аўтары дакумента. Члены камісіі дадаюць, што католікі і лютэране “ужо могуць пажынаць плёны экуменічнага дыялогу”, за 50 гадоў яны дасягнулі пэўнай ступені адзінства. І гэта адзінства большае за тыя рознагалоссі, якія іх падзяляюць. У ходзе падэборнскай сустрэчы членам камісіі быў прадстаўлены яшчэ адзін праект на тэму “Хрост і рост супольнасці Касцёла”. Рабочыя дакументы будуць пакладзены ў аснову будучай дэкларацыі.

Наступнае пасяджэнне камісіі пройдзе ў жніўні 2013 г., магчыма, у Японіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.