2012-07-24 14:51:50

Святы Пасад звязвае турызм з устойлівым развіццём


RealAudioMP3 Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў скіравала 24 ліпеня сваё пасланне на Дзень турызму, які будзе адзначацца ва ўсім свеце 27 верасня. У ім нагадваецца, што Касцёл лічыць гэты Дзень добрай нагодай для дыялогу са светам і прапануе сваю канкрэтную дапамогу ў правядзенні ініцыятыў, якія адпавядаюць евангельскаму духу. “Гэта таксама добрая падстава для таго, каб Паўсюдны Касцёл у чарговы раз адчуў важнасць турыстычнага сектару ў кантэксце эканамічнага і сацыяльнага развіцця грамадстваў і, асабліва, пашырэння новай евангелізацыі”, - гаворыцца ў пасланні, падпісаным старшынёй Рады, кардыналам Антоніа Марыя Вэльё.

У кантэксце тэмы сёлетняга Дня: “Турызм і энергетычная ўстойлівасць: стымулятары ўстойлівага развіцця”, Рада нагадвае, што ён гучыць як рэха Сусветнага кангрэсу пастырства турызма, які праўшоў гэтай вясной у мексіканскім горадзе Канкуна. У сённяшнім пасланні прыводзяцца дадзеныя, паводле якіх у бягучым годзе колькасць турыстаў у свеце асягне аднаго мільярда, а да 2030 г. гэтая лічба павінна падвоіцца.

У пасланні нагадваюцца словы Папы аб неабходнасці развіцця культуры турызму этычным і адказным чынам, які дапамагае чалавеку пазнаць самаго сябе ў непасрэдным спалучаннні са Стварыцелем. Таму трэба дапамагаць як прадпрымальнікам, якія працуюць у гэтай сферы, так і самім турыстам, усведамляць адказнасць за прынятыя рашэнні і стасункі з навакольным асяроддзем. Папская рада нагадвае аб неабходнасці супрацоўніцтва ўсіх удзельнікаў турыстычнага рынку і ўсіх звязаных з ім сектараў для асягнення галоўнай мэты, якую дыктуе час – устойлівага развіцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.