2012-07-24 15:35:16

Ватыканскі кардынал: журналіст-католік любіць рэальнасць


RealAudioMP3 “Няведанне ісціны з’яўляецца самай сур’ёзнай формай беднасці сучаснага чалавека”, - заявіў кардынал Маўра Пьячэнца, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства падчас фестывалю газеты італьянскага епіскапату “Avvenire”, які прайшоў сёлета ў мясцовасці Лерычы. У гэтым годзе яго тэма гучала “Сведкі часу, сведкі ў часе”. Словы кардынала былі скіраваны ў першую чаргу да журналістаў, і, у прыватнасці, католікаў, працуючых у сродках масавай інфармацыі.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў той факт, што сітуацыю сучаснага чалавека можна акрэсліць евангельскім сцвярджэннем аб натоўпе без пастыра. “Сённяшні чалавек - сказаў ён, - у часы дыктатуры рэлятывізму, стаў не ў стане распазнаць сэнс, значэнне і магчымыя наступствы ўлады розных элементаў”. Паводле кардынала, чалавек трапіў у залежнасць ад сваіх інстынктаў і эмоцый, “якія хітра былі ўзведзены ў стан канчатковага крытэрыя праўды”.

Роля журналіста-католіка, на думку іерарха, навучыць чалавека адрозніваць праўду ад падману, і такім чынам выратаваць яго. Кардынал Пьячэнца не пабаяўся назваць гэта “барацьбой з гарманальнай тэорыяй пазнання, у якой чалавек зводзіцца да аднаго вымярэння, вядома, недастойнага яго годнасці і велічы”.

“Католік любіць рэальнасць, і яго прыналежнасць да Хрыста не перашкаджае яму пазнаваць яе, ацэньваць і несці іншым”, - лічыць ватыканскі іерарх. Паводле яго, быццё католікам не прымяншае быцця аб’ектыўным. Кардынал нагадаў, што католік-журналіст не павінен разменьваць прыбытак на пазітыўнасць навіны. Бо сёння, на жаль, лепш прадаюцца навіны негатыўныя, заключыў іерарх, намякаючы на сітуацыю з так званымі “Vatileaks”.







All the contents on this site are copyrighted ©.