2012-07-23 13:54:46

Святы Пасад заклікае СМІ публікаваць толькі правераную і дакладную інфармацыю


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, пракаментаваў публікацыю італьянскім выданнем “La Repubblica” артыкулу аб крадзяжы і перадачы журналістам асабістых дакументаў Бэнэдыкта XVI. Кіраўнік Залы Друку заўважыў, што “La Repubblica” дакладна перадрукавала некаторыя часткі артыкула ў нямецкім “Die Welt” ад 15 ліпеня. Ён адзначыў, што гэты артыкул не быў успрыняты сур’ёзна ў нямецкай прэсе з прычыны яго недакладнасці і адсутнасці аб’ектыўных доказаў. Кс. Ламбардзі патлумачыў, што менавіта па гэтай прычыне Апостальская Сталіца не каментавала яго. Прадстаўнік Святога Пасаду ўдакладніў, што змешчаная ў артыкуле інфармацыя аб трох новых абвінавачаных у крадзяжы дакументаў, не адпавядае рэчаіснасці, а тое, што ў ходзе раследвання апытваліся тыя ці іншыя людзі, не азначае, што яны абвінавачваюцца ў злачынстве. Кіраўнік Залы Друку таксама дадаў, што ён інфармаваў журналістаў аб сітуацыі вакол крадзяжу дакументаў з улікам павагі да таямніцы следства і толькі тады, калі валодаў выключна аб’ектыўнымі і пацверджанымі фактамі. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што на працягу гэтага часу выданне “La Repubblica” змяшчала на сваіх старонках артыкулы з фальшывай інфармацыяй і прывёў некалькі прыкладаў: інтэрв’ю з жонкай Паўла Габрыэле, якога на самой справе не было; інтэрв’ю з невядомым іерархам Касцёла, які нібыта сцвярджаў аб існаванні неіснуючай групы “дакладчыкаў”, якімі кіруе жанчына і якія павінны звярнуцца асабіста да Папы; артыкул аб “хакеры”, які нібыта таямніча знік з Ватыкана; публікацыя імёнаў трох кардыналаў, якія нібыта падазраваліся па справе выкрадання дакументаў; і нарэшце апошні артыкул, перадрукаваны з нямецкага выдання, у якім гаворыцца аб нібыта існуючых трох падазраваных у крадзяжы дакументаў Пантыфіка. “У такой складанай і тонкай тэме як гэта, мне здаецца, што чытачы аднаго з самых шматтыражных італьянскіх выданняў заслугоўваюць павагі, звязанай з дакладнасцю і праверанасцю інфармацыі”, - адзначыў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.