2012-07-23 12:00:50

Новы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння аб праблемах апошняга часу


RealAudioMP3 Новы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер пракаментаваў сваю пазіцыю і пазіцыю Святога Пасаду па актуальных пытаннях. У інтэрв’ю германскай “Süddeutsche Zeitung” ён выказаўся пра стан дыялогу з Брацтвам св. Пія X, адносіны Касцёла да аўстрыйскай ініцыятывы “непадпарадкавання”, стан адукацыі на тэалагічных факультэтах, скандалах, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі святароў і іншыя праблемы, якія абмеркоўваліся ў апошні час. На пытанне аб стане дыялогу з лефэбрыстамі арцыбіскуп Мюлер заявіў, што прыняцце рашэнняў II Ватыканскага Сабора, у тым ліку аб адносінах Каталіцкага Касцёла да інш рэлігій, з’яўляецца абавязковай умовай аб’яднання. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння лічыць, што немагчыма не прымаць адпаведныя дэкларацыі Сабора “без шкоды для каталіцкай веры”. Ён заклікаў пачакаць афіцыйнага адказу Брацтва, перш чым рабіць высновы. Чуткі пра тое, што Папа з радасцю прыняў бы традыцыяналістаў на больш мяккіх умовах, але супраць гэтага выступае Кангрэгацыя Веравучэння, іерарх назваў “не маючымі нічога агульнага з рэальнасцю”.

Аўстрыйскую ініцыятыву “непадпарадкавання” Ватыкану арцыбіскуп Мюлер назваў “мядзведжай паслугай для вернікаў”. Прэфект ватыканскай дыкастэрыі заявіў, што арганізатары акцыі спрабуюць “стварыць Касцёл, які адпавядае духу часу, а не хрысціянскай веры”. Святар павінен адстойваць вучэнне Касцёла, а не ісці за сучаснымі тэндэнцыямі, лічыць іерарх.

Што тычыцца дыскусіі аб разведзеных і зноў ажаніўшыхся, арцыбіскуп заявіў, што, паводле вучэння Касцёла, “існуе аб’ектыўная супярэчнасць паміж уступленнем у новы грамадзянскі шлюб і прыняццем св. Камуніі”. Каталіцкі Касцёл лічыць, што сужэнства непарыўнае. Пры гэтым арцыбіскуп падкрэсліў, што дзеянні святара ў падобных сітуацыях павінны арыентавацца на душпастырства сярод такіх асоб, а не адчужэнне іх з супольнасці.

На думку прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, адна з праблем сучаснай тэалагічнай адукацыі заключаецца ў заняцці другараднымі пытаннямі і няўвазе да важных рэчаў. Галоўнай задачай факультэтаў тэалогіі з’яўляецца дыскусія з атэістамі і філасофіяй секулярызму. Арцыбіскуп заклікаў тэолагаў больш інтэнсіўна наладжваць дыялог з іншымі навукамі.

У пытанні аб сексуальных злоўжываньнях каталіцкага духавенства арцыбіскуп Мюлер падкрэсліў першынства свецкіх судоў у ацэнцы выпадкаў гвалту. Вінаваты павінен адказаць перад судом, упэўнены іерарх. Толькі пасля гэтага біскупы і Кангрэгацыя Веравучэння будуць вырашаць “ці можа ён ізноў выконваць душпастырскія абавязкі, і якія”.







All the contents on this site are copyrighted ©.