2012-07-22 11:39:33

Камердынер Папскага дома пераведзены пад хатні арышт


RealAudioMP3 Камердынер Папскага дома Паўла Габрыэле, абвінавачаны ў крадзяжы і перадачы журналістам асабістых дакументаў Бэнэдыкта XVI і Апостальскай Сталіцы пераведзены з турмы пад хатні арышт. Ён знаходзіцца ў сваёй кватэры ў Ватыкане разам з членамі сваёй сям’і. Аб гэтым расказаў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас прэс-канферэнцыі у якой прынялі ўдзел таксама два адваката Габрыэле. Кс. Ламбардзі расказаў, што падставай для вызвалення камердынера стала завяршэнне першага этапу раследвання злачынства. Далейшае яго развіццё будзе залежыць ад рашэння следчага, які павінен рашыць ці неабходна перадаваць справу ў суд ці можна закрыць яе. Таксама кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што Паўла Габрыэле застаецца адзіным абвінавачаным у крадзяжы дакументаў. Езуіт адзначыў, што спецыяльная Калегія Кардыналаў, якая паралельна займалася раследваннем справы, ужо закончыла сваю працу, падрыхтавала справаздачу і ў бліжэйшы час перадасць яе для азнакамлення Святому Айцу.

Перад журналістамі выступілі таксама адвакаты Габрыэле, якія падзяліліся некаторымі падрабязнасцямі працэса. У прыватнасці яны расказалі, што былы камердынер ад самага пачатку супрацоўнічаў са следствам, а прычыны яго злачынных дзеянняў яны акрэслілі як “унутраныя”, і ніяк не звязаныя з нібыта існуючай змовай ў Ватыкане.

Адвакаты падкрэслілі, што Габрыэле шкадуе аб сваім учынку і выразіў жаданне зрабіць учынак “дапамогі” і “любові” у адносінах да Святога Айца. Адвакаты адзначылі, што за спіной у камердынера не стаяць “моцныя асобы”, а сам ён не атрымліваў грошы і даброты за перадачу дакументаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.