2012-07-20 13:20:35

Гадавіна пратэсту галандскіх біскупаў супраць дэпартацыі яўрэяў


RealAudioMP3 20 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня напісання знакамітага пастырскага паслання галандскіх біскупаў супраць прымусовай дэпартацыі яўрэяў, якое было прачытана ва ўсіх касцёлах гэтай краіны ў нядзелю 26 ліпеня 1942 г. Незадоўга да гэтага прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў у Галандыі скіравалі да нацыскага кіраўніцтва тэлеграму ў якой адзначалі, што глыбока ўзрушаны дзеяннямі акупацыйных уладаў супраць яўрэяў, іх выключэннем з нармальнага жыцця грамадства, а таксама ў сувязі з новым планам па вывазу мужчын, жанчын і дзяцей на тэрыторыю Германіі і яе саюзнікаў. Падкрэслівалася, што гэтыя меры, супярэчаць глыбокім пачуццям галандцаў, і перш за ўсё з’яўляюцца “варожымі Боскім нормам справядлівасці і міласэрнасці”.

Нацыскія ўлады спрабавалі прымусіць маўчаць прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў, а наўзаем паабяцалі, што пакінуць у Галандыі яўрэяў прыняўшых хрысціянства да 1 студзеня 1941 г. Аднак пасля пратэсту каталіцкіх іерархаў, пазіцыя нацыстаў змянілася – з Галандыі было дэпартавана каля 4 тыс. яўрэяў-католікаў, сярод якіх будучая св. Эдыта Штайн, якая загінула ў канцэнтрацыйным лагеры “Аўшвіц”.

Калі папа Пій ХІІ даведаўся аб тым, якая трагедыя адбылася ў Галандыі, ён вырашыў, што неабходна захоўваць маўчанне на публіцы, але дапамагаць яўрэям патаемна. Паводле сучасных гісторыкаў, на працягу ІІ Сусветнай вайны католікі ўратавалі каля 700-800 тыс. прадстаўнікоў яўрэйскага народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.