Католікі крытыкуюць ініцыятыву “Google” па прапагандзе аднаполых саюзаў
Прадстаўнікі Каталіцкага
Касцёла ў Польшчы крытычна адрэагавалі на ініцыятыву карпарацыі “Google” пад назвай
“Легалізаваць любоў”, скіраваную на прапаганду аднаполых саюзаў. З гэтай мэтай на
сайце інтэрнэт-гіганта быў створаны адпаведны раздзел. Аб пачатку кампаніі 8 ліпеня
абвясціў прадстаўнік “Google” Марк Палмер-Эджкам. Паводле яго, прыярыятэтнымі для
ініцыятывы краінамі, у якіх найбольш парушаюцца правы сексуальных меншасцяў, з’яўляюцца
Польшча і Сінгапур. У адказ на гэта, дырэктар інстытута “Tertio Millenio” у Кракаве
а. Мацей Земба, у інтэрв’ю агенцтву “CNA”, адзначыў, што “было б лепш, калі б “Google”
з такім жа запалам засяродзіўся на парушэннях нават самых элементарных правоў людзей
у многіх краінах Азіі і Афрыкі”. Дамініканін звярнуў увагу на існаванне больш актуальных
і сур’ёзных праблем у свеце, звязаных з дыскрымінацыяй жанчын, парушэннем свабоды
веравызнання, адсутнасцю свабоды слова і пераследам палітычнай апазіцыі. Акрамя таго,
а. Земба не пагадзіўся з выказваннямі прадстаўнікоў “Google” аб тым, што польскія
католікі з’яўляюцца фанатычнымі. Ён нагадаў, што католікі ва ўсім свеце выступаюць
супраць любых форм нецярпімасці і дыскрымінацый, і большая частка польскага грамадства
падзяляе гэтыя каштоўнасці.