2012-07-19 14:39:08

Бэнэдыкт XVI падпіша сваю чацвёртую адгартацыю


RealAudioMP3 Падчас свайго вераснёўскага падарожжа ў Ліван Бэнэдыкт XVI уручыць іерархам з Блізкага Усходу спецыяльную апостальскую адгартацыю прысвечаную праблемам рэгіёна. Яна з’яўляецца плёнам разважанняў і дыскусій паміж удзельнікамі Сінода Біскупаў, які праходзіў 10-24 кастрычніка 2010 г. у Ватыкане. Форум быў унікальным – упершыню у гісторыі сінодаў ён меў рэгіянальны характар. На ім былі прадстаўлены Цэрквы і хрысціянскія супольнасці, якія знаходзяцца на асаблівай геапалітычнай, рэлігійнай і культурнай прасторы. У Сінодзе Біскупаў для Блізкага Усходу прымалі удзел іерархі з 16 краін рэгіёна, а таксама Палестынскай Аўтаноміі. Ва ўсіх гэтых краінах хрысціяне з’яўляюцца меншасцю, а ў некаторых іх колькасць складае ўсяго некалькі тысяч. Акрамя таго, на Сінодзе асобна прысутнічалі прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў у Іерусаліме, а таксама Кустодыі Святой Зямлі. Былі прадстаўлены розныя хрысціянскія абрады і традыцыі. Усё гэта сведчыць аб складанасці і неаднароднасці кантэсту, да якога будзе скіравана пасланне Бэнэдыкта XVI.

Традыцыя правядзення Сінода Біскупаў нарадзілася ў 1965 г. у гады пантыфікату Паўла VI. З таго часу іх адбылося 25. Акрамя таго, прайшло 13 звычайных асамблей Сінода Біскупаў, 3 надзвычайных і 10 спецыяльных. На іх абмяркоўваліся пытанні звязаныя з жыццём Касцёла ў свеце, адносіны паміж мясцовымі епіскапатамі і Апостальскай Сталіцай, рэалізацыя рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабору, праблемы Касцёла на Украіне. Акрамя таго, біскупы разважалі над сутнасцю святарства, місіі свецкіх і паняццем сям’і. Сустрэчы Сінода Біскупаў былі прысвечаны мясцовым і кантынентальным праблемам – у Галандыі і Ліване, у Еўропе, Афрыцы, Акеаніі, Азіі і Амерыцы. На заканчэнне кожнай сустрэчы, па традыцыі, Папа скіроўвае да Айцоў Сінода спецыяльны дакумент: Апостальскую адгартацыю. Для Бэнэдыкта XVI адгартацыя, якую ён падпіша ў Ліване, стане ўжо чацьвёртай.







All the contents on this site are copyrighted ©.