2012-07-18 16:52:35

“Веру, ведаю, разумею”. Прымі знак Дару Духа Святога


RealAudioMP3 У нашых разважаннях аб сакрамэнце канфірмацыі, мы падыйшлі да кульмінацыйнага моманту абраду – калі біскуп намашчае верніка алеем і кажа такія словы: прымі знак Дару Духа Святога. Што гэта значыць? – мы і паразмаўляем у сённяшняй праграме.

Па-першае паспрабуем вызначыць, што такое знак? Грэцкі тэрмін (σφραγις) які ужываецца ў дадзеным выпадку дакладна азначае прыналежнасць да пэўнага ўласніка. Цікава, што ў Бібліі ўпершыню гэта слова сустракаецца ў адносінах да Каіна на старонках кнігі Быцця. Каін, пасля забойства свайго брата, быў пазначаны знакам для таго, каб ніхто не мог яго забіць. Кожны, хто бачыў знак на абліччы Каіна ведаў, што ён належыць да Бога і яму нельга прычыняць крыўды.

Гаворачы аб знаках на старонках Новага Запавету, можна ўзгадаць таксама аб пярсцёнку, які міласэрны айцец уручыў свайму блуднаму сыну, пасля яго вяртання дамоў. Арнамент на пярсцёнку выконваў функцыю пячаткі – падцвярджаў уласнасць асобы на тыя ці іншых багацці. Пярсцёнак прыкладалі да расплаўленага матэрыялу, каб на ім пасля застывання засталася выява пэўнага сімвалу. Так, напрыклад, запячатвалі канверты з важнай інфармацыяй, памяшканні і г.д. Такім чынам, значэнне гэтага тэрміна заключаецца ў тым, каб пазначаць нешта, акрэсліваць межы ўласнасці, якія нельга парушаць.

Яшчэ адным сінонімам паняцця “знак” у грэцкай мове з’яўляецца слова χαρακτήρας, ад якога паходзіць знаёмае нам слова “характар”. Ім мы называем пэўныя рысы асобы, стыль існавання, унутраную структуру таго ці іншага чалавека. Кожная асоба, дзякуючы асаблівасцям характару, нібыта валодаючы пэўным непаўторным знакам, вылучаецца сярод іншых.Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што словы знак, пячатка, характар, звязаны паміж сабой і азначаюць асаблівую прыналежнасць, уласнасць, непарушнасць і выключны стыль існавання. Але для чаго нам усё гэта патрэбна?

Ва ўсіх нашых учынках мы пакідаем след нашага унутранага свету – пакідаем выключны знак (на падабенства ДНК), таго, што носім унутры сябе. Часцей за ўсё галоўныя рысы нашага характару, нашага унутранага свету, фарміруюцца на працягу жыцця і абумоўлены шматлікімі фактарамі: напрыклад з самага маленства нашы першыя рэакцыі былі абумоўлены страхам. У сталым узросце мы таксама часта дзейнічаем менавіта кіруючыся страхам быць пакінутымі, згубіць бяспеку. Існуюць канешне і іншыя фактары. На працягу жыцця ў нашым унутраным свеце адпячатваюцца сляды, звязаныя з пэўнымі падзеямі – пазітыўнымі або негатыўнымі, жыццёвым вопытам, траўмамі. З часам гэтыя сляды фарміруюць форму, якая нас характэрызуе.

Мы носім у сабе знакі і прыходзім да сакрамэнту бежмавання з тым, што апостал Павел называе “стары чалавек” – чалавек сфарміраваны з дапамогай свайго зямнога жыццёвага вопыту. Ён не негатыўны і не пазітыўны – ён проста зямны. Але, калі біскуп кажа верніку: прымі знак Дару Духа Святога, гэта азначае – прымі новы знак, які будзе характарызаваць твой унутраны свет, іншы характар, іншы спосаб ці стыль існавання, іншы стыль быцця самім сабой.

Але як магчыма, што атрымліваючы знак Дару Духа Святога змяняецца наш характар? Узгадайце як Бог змяніў св. Паўла. Павел перамяніўся бо адкрыў з дапамогай Святога Духа праўду аб самім сабе і Богу. А што гэта за праўда? Гэта праўда заключаецца ў веданні, што Бог на самой справе з’яўляцца любячым Айцом, што Ён заўсёды чувае над намі, клапоціцца аб нас і абараняе. У сваім жыцці мы прызвычаіліся дзейнічаць згодна з нашымі жыццёвымі страхамі, але адкрываючы праўду аб Богу, гэтыя страхі знікаюць. Мы пачынаем бачыць свет з іншай перспектывы. Пазнанне любові Хрыста, які памёр за нас на крыжы, знаёмства з бескарысным прабачэннем Бога, змяняе наш унутраны свет.

Такое знаёмства з Богам адбываецца праз слуханне Евангелля ці напрыклад катэхезы перад сакрамэнтам бежмавання. Важна, каб падрыхтоўка да гэтага сакрамэнту праходзіла не ў спешцы, але разважліва, паступова адкрываючы усю праўду аб Богу, які нас любіць. Такім чынам, сакрамэнт канфірмацыі азначае пазначэнне знакам любові, якая нас перамяняе.








All the contents on this site are copyrighted ©.