2012-07-18 13:23:59

Прадстаўнік Святога Пасаду: набліжэнне да міжнародных стандартаў “наш маральны абавязак”


RealAudioMP3 Кс. прэлат Этторэ Балестрэра, кіраўнік дэлегацыі Апостальскай Сталіцы на пленарнай сесіі Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мераў барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму (MONEYVAL), адзначыў, што набліжэнне Святога Пасаду да міжнародных стандартаў у гэтай сферы з’яўляецца перш за ўсё “маральным, а не вузка тэхнічным, абавязкам”. Святар падкрэсліў, што нягледзячы на невялікую тэрыторыю, якую займае Ватыкан, а таксама адносна невялікія фінансавыя абароты, Апостальская Сталіца адчувае вялікую адказнасць і абавязак, каб каталіцкія арганізацыі ва ўсім свеце дзейнічалі ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі.

Кс. Балестрэра расказаў аб працы, праведзенай у Ватыкане з мэтай барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, аб прыняцці адпаведных законаў і мер, ратыфікацыі неабходных міжнародных канвенцый, а таксама адкрытасці да супрацоўніцтва з “MONEYVAL”. Ён адзначыў, што Святы Пасад перайшоў ад мер, разлічаных на кароткі перыяд, да рашэнняў, якія патрабуюць часу для эфектыўнай рэалізацыі.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што прынятыя меры, з’яўляюцца толькі пэўным крокам у накірунку паляпшэння фінансавай сістэмы Ватыкана і сведчаць аб “пастаяннай дзейнасці, скіраванай на тое, каб злучыць маральны абавязак з тэхнічнай дасканаласцю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.