2012-07-17 13:48:52

Лондан: католікі адзначаць старт Алімпіяды вялікім набажэнствам


RealAudioMP3 Шматлікія сённяшнія і былыя алімпійцы збяруцца 28 ліпеня ў Лондане на вялікае набажэнства з нагоды адкрыцця летніх Алімпійскіх гульняў. Яно пройдзе ў Вэстмінстэрскай катэдры з удзелам каталіцкіх біскупаў Вялікабрытаніі. Разам са спартсменамі і шматлікімі католікамі з усяго свету ў “Алімпійскай Імшы” прымуць удзел, у тым ліку, арцыбіскуп Вэстмінстэрскі Вінцэнт Нікалс і Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антоніа Меніні. Таксама ў пачатку Паралімпійскіх гульняў для спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі 8 верасня запланавана набажэнства ў катэдры св. Георгія ў лонданскім раёне Саўтуарк.

Каталіцкі Касцёл у Вялікабрытаніі стварыў асобнае бюро для каардынацыі сваёй дзейнасці ў перыяд правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў. Недалёка ад Алімпійскага парку паўстаў лагер, у якім размесціліся сотні маладых валанцёраў з многіх краін, якія падтрымліваюць розныя віды касцёльнай дзейнасці і праекты, што паўсталі ў сувязі з Алімпіядай.

У Вэстмінстэрскай катэдры і касцёле св. Францішка ў раёне Стратфорд будуць дзейнічаць два “цэнтры супольнасці”, адкрытыя штодня для спартсменаў, афіцыйных асоб, гледачоў і турыстаў. А маладыя людзі з “Джошуакамп” прысвецяць сябе так званым місіям на вуліцах і культурнай праграме. Сумесна з арганізацыяй “Stop the Traffik”, Каталіцкі Касцёл будзе прыцягваць увагу да праблемы гандлю людзьмі ў свеце. Касцёл таксама прыме ўдзел у алімпійскай экуменічнай ініцыятыве пад назвай “Больш, чым золата”. Свой удзел у ёй абвясцілі некалькі тысяч хрысціян розных канфесій, якія добраахвотна будуць сустракаць спартсменаў і турыстаў у Лондане і спрабуюць пры гэтым падзяліцца з імі сваёй верай.







All the contents on this site are copyrighted ©.