2012-07-17 13:05:42

Будзе апублікавана справаздача “MONEYVAL” па фінансавай сітуацыі ў Ватыкане


RealAudioMP3 Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што 18 ліпеня будзе апублікавана справаздача Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мераў барацьбы з адмываннем грошай (MONEYVAL) па сітуацыі ў ватыканскіх фінансавых структурах. Дакумент стане даступным для шырокай аўдыторыі ў 9.30 паводле рымскага часу. Эксперты працавалі ў Ватыкане на працягу некалькіх месяцаў. Першая іх сустрэча з прадстаўнікамі Святога Пасаду адбылася ў канцы лістапада 2011 г. У той час былі праведзены двухбаковыя кансультацыі, пасля ўступлення ў сілу закону № CXXVII ад 30 снежня 2010 г., які дазволіў адаптаваць ватыканскае заканадаўства адносна адмывання грошай і фінансавання тэрарызму да міжнародных стандартаў. Група экспертаў у галіне права, фінансаў і праваахоўнай дзейнасці з розных краін сустрэлася тады з прадстаўнікамі Дзяржсакратарыяту, Губернатарату, судовых структур, жандармерыі, прэфектуры па эканамічных пытаннях, а таксама Аддзелу фінансавай інфармацыі. Апошняя сустрэча такога роду прайшла ў Ватыкане 14-16 сакавіка гэтага году. На ёй была дадзена канкрэтная ацэнка зробленых Ватыканам крокаў да празрыстасці сваёй фінансавай сістэмы.

Нядаўна генеральная асамблея “MONEYVAL” зацвердзіла даклад па выніках праверкі. Ён і будзе апублікаваны заўтра.







All the contents on this site are copyrighted ©.