2012-07-15 13:46:31

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: цэнтрам усёй гісторыі ёсць Хрыстус (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Касцёл ніколі не вяртаецца назад, але дзякуючы невычэрпным дарам Святога Духа і прысутнасці Хрыста, ідзе толькі наперад, перакананы Бэнэдыкт XVI. У сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” 15 ліпеня ў Кастэль Гандольфа Святы Айцец узгадаў спадчыну св. Бонавентуры, тэолага і філосафа, чый успамін у Касцёле адзначаецца 15 ліпеня. Асоба “Серафіцкага доктара” вельмі блізкая Пантыфіку. У 1957 г. кс. Ёзэф Ратцынгер абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Тэалогія дзеяў у св. Бонавентуры”. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа да сабраных перад Апостальскім палацам у Кастэль Гандольфа, - У літургічным календары на 15 ліпеня прыпадае ўспамін св. Бонавентуры з Баньёрэджо, францішканіна, Доктар Касцёла, пераемніка св. Францішка з Асізі ў якасці настаяцеля Ордэна Братоў Меншых. Ён напісаў першую афіцыйную біяграфію Бедняка, і ў канцы свайго жыцця быў біскупам дыяцэзіі Альбана. У сваім лісце Бонавентура піша: “Я прызнаюся перад Богам, што прычынай, якая прымусіла мяне больш палюбіць жыццё благаслаўлёнага Францішка, стала тое, што яно нагадвае пачатак і росквіт Касцёла” (Epistula de tribus quaestionibus, in Opere di San Bonaventura. Introduzione generale, Roma 1990, p. 29).

Гэтыя словы адсылаюць нас непасрэдна да Евангелля сённяшняй нядзелі, ілюструючага першае пасланне Езусам дванаццаці апосталаў на місію: “Тады паклікаў Дванаццаць, - апавядае св. Марк, - і пачаў высылаць іх па двое... і наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак” (Мк 6, 7-9). Францыск з Асізі, пасля свайго навяртання, практыкаваў літаральна гэта Евангелле, становячыся верным сведкам Езуса. Звязваючы сябе асаблівым чынам з таямніцай Крыжа, ператварыўся ў “другога Хрыста”, якім яго і паказвае св. Бонавентура.

Асноўным натхненнем усяго жыцця св. Бонавентуры, як і яго тэалогіі, з’яўляецца Езус Хрыстус. Гэта цэнтральнае месца Хрыстус займае ў сённяшнім другім імшальным чытанні (Эф 1, 3-14), у знакамітым гімне Паслання св. Паўла да Эфесцаў, які пачынаюць словы: “Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах”. Такім чынам, апостал паказвае, у чатырох фрагментах, як рэалізуецца гэты план благаслаўлення. Кожны з іх пачынаецца тым жа выразам: “у Ім”, маючы на ўвазе Езуса Хрыста. “У Ім” Айцец выбраў нас перад стварэннем свету; “у Ім” мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю; “у Ім” мы сталі нашчадкамі прызначанымі “дзеля хвалы Яго ласкі”, “у Ім” тыя, хто верыць у Евангелле, атрымаюць пячатку Святога Духа. Гэты гімн апостала Паўла з’яўляецца бачаннем гісторыі, да распаўсюджання якога ў Касцёле прычыніўся св. Бонавентура: цэнтрам усёй гісторыі ёсць Хрыстус, які таксама прыносіць навізну і адраджэнне ў любую эпоху. У Езусе Бог даў і сказаў усё, але паколькі Ён з’яўляецца невычэрпным скарбам, Святы Дух не перастае ніколі раскрываць і рэалізоўваць сваю таямніцу. Таму, справа Хрыста ў Касцёле не павяртаецца назад, але ўвесь час развіваецца.

Дарагія сябры, будзем прасіць Найсвяцейшую Панну Марыю, якую заўтра будзем ушаноўваць як Маці Божую з гары Кармэль, каб дапамагла нам, як Францішку і Бонавентуры, шчодра адгукнуцца на заклік Пана да прапаведвання Яго Евангелля збаўлення словам, але перш за ўсё, усім жыццём”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў пілігрымаў, прыбыўшых у Кастль Гандольфа, на іх родных мовах. На французскай, Святы Айцец запрасіў усіх, хто зараз праводзіць адпачынак, наведаць у бліжэйшы час людзей, прабываючых у “адзіноце і пакінутасці”. Паводле Папы, такія асобы найбольш пакутуюць у летні перыяд, “ці то на дарозе, ці ў сябе дома, у бальніцы або ў доме састарэлых”. “Не марудзьце зайсці да іх у госці”, - заклікаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.