2012-07-14 12:50:01

Іракскі біскуп: мір на Блізкім Усходзе ў многім залежыць ад рэлігій


RealAudioMP3 Адгартацыя для Блізкага Усходу, якую Пантыфік падпіша і перадасць біскупам гэтага рэгіёну падчас свайго вераснёўскага візіту ў Ліван, на думку дапаможнага біскупа Халдэйскага Каталіцкага Патрыярхата ў Багдадзе Шлемона Вардуні, будзе прысвечана міру, эміграцыі, рэлігійнай свабодзе, мірнаму суіснаванню паміж прадстаўнікамі розных рэлігій і адказнаму грамадзянству. У інтэрв’ю агенцтву “SIR”, іерарх выказаў меркаванне, што наступленне міру на Блізкім Усходзе ў многім залежыць менавіта ад рэлігій, якія, аднак, “не павінны станавіцца прыладамі для дасягнення палітычных мэтаў, прычынай насілля і падзелаў”. “Рэлігіі існуюць для дабра чалавека, для таго, каб гарантаваць яму натуральнае мірнае жыццё з іншымі”, - адзначыў біскуп. Ён падкрэсліў, што кожны ўчынак, накіраваны супраць такога існавання, не паходзіць ад Бога і не мае нічога супольнага з рэлігіяй. “Адгартацыя будзе заклікаць людзей да любові, незалежна ад таго хрысціяне яны, мусульмане ці яўрэі, бо мы ўсе з’яўляемся дзецьмі Божымі”, - сказаў іракскі біскуп.

Іерарх адзначыў, што асабіста чакае ад адгартацыі закліку да адзінства паміж хрысціянскімі Цэрквамі на Блізкім Усходзе. “Калі жадаем дабра хрысціянам, мы павінны аб’яднацца, нахай нават у думках, каб служыць нашым вернікам, дапамагаць ім заставацца на іх землях”, - сказаў біскуп Вардуні. Ён выказаў занепакоенасць, што тэрыторыя, якая дала свету апосталаў, шматлікіх вучняў, святых і мучанікаў, застанецца без хрысціян і заклікаў Цэрквы клапаціцца аб сваіх членах.








All the contents on this site are copyrighted ©.