2012-07-14 12:30:38

Арцыбіскуп Мюлер: нельга дапусціць стварэння нямецкага нацыянальнага Касцёла


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер заклікаў Касцёл у Германіі да захавання адзінства. У інтэрв’ю некалькім нямецкім выданням новапрызначаны прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, адзначыў, што ў Германіі, у некаторых колах каталіцкіх тэолагаў, навукоўцаў і працаўнікоў СМІ, існуюць высокамерныя і антыпапскія настроі. “Нельга дапусціць стварэння нямецкага нацыянальнага Касцёла”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю часопісу “Katholische Sonntags Zeitung”. На яго думку існуюць некаторыя асяроддзі, якія крытыкай Папы праз СМІ шкодзяць усяму Касцёлу, у той час як большасць вернікаў адносіцца да Пантыфіка з любоўю і пашанай. “Я ведаю шмат глыбока веруючых католікаў, якія не маюць нічога супольнага з бурлівай крытыкай”, - сказаў арцыбіскуп Мюлер. У інтэрв’ю радыёстанцыі “ARD” іерарх падкрэсліў, што ў Касцёле важна пераўзыйсці ідэалагічныя ўплывы, незалежна ад іх палітычнай афарбоўкі. Гаворачы, аб сваім новым прызначэнні, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, адзначыў, што каталіцкая тэалогія прызнае пэўны навуковы плюралізм, але бароніць супольны фундамент. “Каталіцкі – не азначае ўсялякі. Мы маем фундамент, які грунтуецца на Аб’яўленні, Святым Пісанні і Традыцыі, а таксама на рашэннях Папы, біскупаў і Сабораў”, - нагадаў арцыбіскуп Мюлер.

Ён прызнаўся, што у Германіі яго часта называлі кансерватарам і нават рэакцыянерам, але, на яго думку, гэтыя выказванні не адпавядаюць рэчаіснасці, бо часта яны падвергнуты ідэалагічным уплывам.








All the contents on this site are copyrighted ©.