2012-07-12 13:39:12

Лондан: душпастыры зоймуцца алімпійцамі


RealAudioMP3 Больш за 10 тыс. спартсменаў з розных краін свету, якія 27 ліпеня пачнуць змагацца за медалі Алімпійскіх гульняў у Лондане, атрымаюць паўнавартасную духоўную падтрымку. У Алімпійскай вёсцы мясцовы арганізацыйны камітэт стварыў спецыяльны міжрэлігійны душпастырскі цэнтр з асобнымі месцамі малітвы пяці асноўных рэлігій – хрысціянства, ісламу, юдаізму, індуізму і будызму. Каля 200 душпастыраў розных рэлігій будуць клапаціцца пра спартсменаў і чыноўнікаў алімпійскіх федэрацый. Цэнтр таксама адкрыты для тысяч супрацоўнікаў арганізацыйнага камітэту і сродкаў масавай інфармацыі.

Каманды некаторых краін, такіх як Германія і Аўстрыя, прывязуць у Вялікабрытанію сваіх алімпійскіх капеланаў. Аўстрыйскай камандай апякуецца айцец салезіянін Бернхард Майер, для якога гульні ў Лондане стануць 16 па ліку. Алімпійскія душпастыры будуць насіць на вопратцы спецыяльны значок з надпісам “Faith” (вера), глобусам і лагатыпамі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў. Праект з сімваламі ўсіх дзевяці рэлігійных напрамкаў, атлеты якіх удзельнічаюць у гульнях, не атрымаў падтрымкі рэлігійных лідэраў, адзначана на сайце брытанскага арганізацыйнага камітэту.

Асобным выклікам для удзельнікаў Алімпіяды з ісламскіх краін стане іх правядзенне падчас месяца Рамадан, калі ўжыванне мусульманамі ежы і пітва паміж узыходам і заходам сонца, забаронена. “Спартсмены для захавання посту павінны будуць вельмі рана ўставаць, каб паесці”, - сказаў Мухамад Абдул Бары, кіраўнік самай вялікай мячэці ў Лондане, які таксама з’яўляецца членам Рэлігійна-кансультатыўнага камітэта Алімпійскіх гульняў. Аднак, самай вялікай праблемай для спартсменаў ён назваў нерэгулярны сон. “Як гэта паўплывае на іх, залежыць ад індывідуальных магчымасцяў і падрыхтоўкі кожнага, а таксама матывацыі”, - заявіў прадстаўнік мусульман на Алімпіядзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.