2012-07-12 15:17:08

Камердынер застанецца пад арыштам да канца следства


RealAudioMP3 Камердынер папы Бэнэдыкта XVI Паола Габрыэле, абвінавачаны ў незаконным захоўванні і перадачы канфідэнцыйных дакументаў прэсе, застанецца пад вартай да завяршэння следства па яго справе, паведаміў 12 ліпеня кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Адвакаты Габрыэле настойвалі на пераводзе свайго кліента пад хатні арышт. Як чакаецца, следства па справе камердынера будзе завершана на працягу бліжэйшых тыдняў.

46-гадоваму Паола Габрыэле прад’яўлены афіцыйныя абвінавачванні ў незаконным захоўванні ватыканскіх канфідэнцыйных дакументаў, якія былі знойдзены ў яго кватэры, а таксама ў раскрыцці сакрэтнай інфармацыі СМІ.

У красавіку Бэнэдыкт XVI прызначыў адмысловую кардынальскую камісію для расследавання ўцечак у СМІ сакрэтных дакументаў, сярод якіх былі таксама асабістыя лісты Папы. У ходзе следства Габрыэле быў названы галоўным падазраваным у арганізацыі ўцечак. Будучы камердынерам і асабістым памочнікам Бэнэдыкта XVI, ён быў адным з нямногіх людзей, якія мелі доступ у прыватныя апартаменты Святога Айца.







All the contents on this site are copyrighted ©.