2012-07-12 12:32:40

Бэнэдыкт XVI: музыка – гэта гармонія адметнасцяў


RealAudioMP3 11 ліпеня Бэнэдыкт XVI прысутнічаў на канцэрце араба-ізраільскага аркестра “Заходне-усходні дыван”, які выступіў у летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандорльфа з нагоды ўспаміну нябеснага апекуна Папы св. Бэнэдыкта. У праграме канцэрта былі 5 і 6 сімфоніі Людвіга ван Бетховена. Пасля яго заканчэння Святы Айцец звярнуўся да прысутных музыкантаў і гасцей з кароткай прамовай, у якой адзначыў, што з вялікай радасцю прыняў аркестр, які нарадзіўся дзякуючы веры ў тое, што музыка аб’ядноўвае людзей і дапамагае пераўзыйсці ўсялякія падзелы. “Бо музыка – гэта гармонія адметнасцяў”, - заўважыў Папа. “Ад шматлікасці тэмбраў розных інструментаў можа нарадзіцца сімфонія. Але гэта не адбываецца дзякуючы чарадзейству, аўтаматычна! Яна рэалізуецца дзякуючы працы дырыжора і кожнага асобнага музыканта. Працы цярплівай, складанай, якая патрабуе часу і ахвяры, узаемнага слухання, пазбягання празмернага вылучэння і аддання перавагі супольнаму гучанню”, - адзначыў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што гаворачы аб музыцы, ён не можа не думаць аб “вялікай мірнай сімфоніі паміж народамі”, якой спрыяе аркестр “Заходне-усходні дыван”, што складаецца з музыкантаў юдэйскага, мусульманскага і хрысціянскага веравызнанняў.

Кажучы аб 5 і 6 сімфоніях Бетховена, Святы Айцец адзначыў, што у іх выражаюцца два важныя жыццёвыя аспект: драма і мір, барацьба чалавека супраць неспрыяльнага лёсу і супакойваючае аддаленне ў мірнае асяродзе. Пантыфік адзначыў, што пасланнем гэтай музыкі з’яўляецца мір, для асягнення якога трэба працаваць, адмаўяючыся ад насілля і зброі, імкнучыся да ўласнага і супольнага навяртання, шукаючы дыялогу і магчымых сродкаў вырашэння канфліктаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.