2012-07-11 12:45:13

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт канфірмацыі – уключэнне ў супольнасць Касцёла


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце канфірмацыі. У мінулых праграмах мы ўжо паразмаўлялі аб прыродзе Святога Духа, аб некаторых элементах самаго абраду, малітвах, якія прамаўляюцца падчас яго, а сёння я запрашаю вас паразважаць над эклезіяльным аспектам сакрамэнту канфірмацыі, які з’яўляецца ўключэннем асобы ў супольнасць Касцёла. Менавіта таму яго ўдзяляе біскуп. Напрыклад у нашых праваслаўных братоў сакрамэнт канфірмацыі звычайна ўдзяляецца разам з сакрамэнтам хросту і гэта можа зрабіць кожны святар. У Каталіцкім Касцёле сакрамэнт канфірмацыі удзяляе звычайна біскуп. Для чаго так было зроблена? Існуе некалькі прычын. Перш за ўсё, вернік хоць раз у жыцці павінен атрымаць сакрамэнт з рук біскупа, сустрэцца з поўняй святарства, з кіраўніком дыяцэзіі – главой мясцовага Касцёла, супольнасці народа Божага. ІІ Ватыканскі Сабор кажа, што гэта неабходна для таго, каб вернік быў больш звязаны з Касцёлам.

Можа ўзнікнуць пытанне – а ці не становімся мы часткай Касцёла, калі атрымліваем сакрамэнт хросту? Навошта яшчэ раз падкрэсліваць гэта падчас бежмавання? Прычын існуе некалькі. Абагульняючы можна сказаць так: хрост дае магчымасць быць дзецьмі Божымі, а бежмаванне – жыць, як дзеці Божыя, дзейнічаць, як дзеці Божыя. Для таго, каб дзейнічаць як хрысціяне, неабходна добра ўсведамляць, што такое Касцёл і для чаго ён існуе. Бо ёсць шмат людзей, якія з энтузіязмам слухаюць Божае Слова, чытаюць Біблію, рэлігійную літаратуру, але, калі гаворка заходзіць аб Касцёле прамаўляюць гэту класічную фразу: я веру ў Езуса Хрыста, але не веру ў Касцёл.

Казаць я веру ў Езуса Хрыста, але не веру ў Касцёл, гэта тое ж, што сказаць: я прызнаю, што Людвіг Ван Бетховен цудоўны кампазітар, але не магу слухаць яго сімфоній; ці, я ведаю, што Эйнштэйн самы вялікі фізік мінулага стагоддзя, але не прызнаю яго тэорыі. Як магчыма верыць у Езуса Хрыста і адмаўляць тое, што Ён сам стварыў, бо Касцёл заснаваў менавіта Хрыстус, а не людзі. Касцёл не стварылі людзі, наадварот, ініцыятыва паходзіла менавіта ад Яго. Тое, пасланне, якое Ён прынёс, мела патрэбу у практычнай рэалізацыі – змест меў патрэбу ў канкрэтнай форме.

А што прынёс Езус Хрыстус? Напэўна нешта важнае для чалавека. О.К.! А што з’яўляецца самым важным у жыцці кожнага чалавека? Напэўна здольнасць быць побач з іншымі людзьмі. Чалавек сацыяльнае стварэнне, ён мае глыбокую патрэбу ў іншых людзях, у добрых адносінах з іншымі. Быць паспяховым, самадастатковым, багатым, але быць абсалютна няздольным прабываць з іншымі, азначае немагчымасць рэалізавацца, не мець сапраўднага жыцця. Можна быць вельмі кампетэнтным у многіх рэчах, але абсалютна неадукаваным у сферы адносін з іншымі людзьмі. Гаворачы аб такім чалавеку, можна працытаваць словы Сартра які казаў, што “пекла – гэта іншыя”. Сапраўды – знаходзіцца ў кепскіх адносінах з бліжнімі – гэта пекла. Але правільна будзе сказаць, што “раі – гэта іншыя”. Мець добрыя адносіны з іншымі – гэта па сапраўднаму цудоўна. Гэта тое, што вымярае наша жыццё – здольнасць быць з іншымі. І тут мы адказваем на пытанне – што прынёс нам Хрыстус? Што можа прынесці Збаўца, які прыйшоў збавіць чалавека і падарыць яму сапраўднае шчасце? Ён прынёс нам навучанне аб мастацтве адносін з іншымі – мастацтве любові. Менавіта для гэтага Ён стварыў Касцёл. Касцёл – гэта супольнасць людзей, у якой мы ніколі не будзем жыць у адзіноце, але заўсёды ў супольнасці. У гэтым вялікая таямніца Касцёла.

У Касцёле цудоўным чынам сустракаюцца справа Хрыста і справа чалавека. Дасканалая задума Бога і недасканаласць чалавека. Касцёл – гэта справа Божая, але, якая рэалізоўваецца дзякуючы чалавечай свабодзе. Сёння мы жывем у такі час, калі гучыць шмат крытыкі ў адрас Касцёла. У нашыя часы гаварыць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла не заўсёды проста. У такой сітуацыі вельмі важна адрозніваць, што ў ім Божае, а што чалавечае.

Пагаворым пра сам Касцёл. На лацінскай мове слова “Касцёл” гучыць як “ecclesia”. Яно у сваю чаргу паходзіць з грэцкай мовы і дакладна перадае сэнс старазапаветнай назвы “супольнасць”. Супольнасць яўрэі называлі словам “пакліканыя”. Такім чынам Касцёл, азначае “пакліканыя” – пакліканыя быць разам. Нават у самой назве Касцёла прысутнічае ўказанне на неабходнасць адносін. Гэта фундаментальная рэч, якая таксама тлумачыць сэнс усіх структур Касцёла. У старажытнасці існавала правіла, якое дзейнічае таксама сёння і перадае праўдзівы стан рэчаў - “Ubi societas ibi jus” – “Дзе супольнасць – там закон”. Гэта значыць, што для таго, каб рабіць нешта, неабходна ўстанавіць пэўны парадак – раздаць усім абавязкі. Наіўна думаць, што для таго, каб група людзей магла выконваць разам нейкае заданне, ёй не патрэбна пэўная іерархія, кіраўніцтва.

Аднак, у той жа час, Касцёл гэта супольнасць пакліканых. Менавіта Бог выбірае, з кім мы будзем у Касцёле. Гэты выбар не ад нас залежыць. Цікава, што ў Касцёле мы называем адзін аднаго “браты і сёстры”, а не “сябры”. Таму што сяброў выбіраем мы самі, а вось братоў, не – яны такія якія ёсць, яны паходзяць ад ініцыятывы бацькоў. Такая ж і наша сувязь з іншымі ў Касцёле. Калі ў Касцёле адзінства паміж людзьмі будзе грутнавацца на прыемнасці, падабанні, выбарнасці – ён не будзе Касцёлам, бо не будзе грунтавацца на ініцыятыве Бога.

Яшчэ адным аспектам Касцёла з’яўляецца яго адкрытасць на свет. Касцёл не быў заснаваны сам для сябе, але для людзей. Хрыстус заснаваў Касцёл як соль і святло свету – даў Касцёлу канкрэтную функцыю – быць для іншых. У Касцёл не прыходзяць, каб далучыцца да элітнага клуба ці закрытай ложы або секты, але для таго, каб быць на падабенства Хрыста ў свеце. Хрыстус уяўляў сваё жыццё, прызначаным для іншых, для збаўлення свету. Таму кожны хрысціянін далучаецца да Касцёла, каб прынесці нешта для ўсяго свету. Каб, як соль і святло, служыць свету і надаць яму смак, асвяціць шлях у правільным накірунку.

Праблемы ў Касцёле пачынаюцца, калі ён перастае выконваць гэтыя свае функцыі: калі губляецца сувязь, заснаваная на пакліканні Бога да быцця разам; калі рэалізоўваюцца не задумы Бога, а ўласныя ініцыятывы; калі Касцёл перастае ставіць Хрыста на першае месца, і замяняе Яго іншым – калі становіцца рабом гэтага свету, бо хоча задаволіць яго жаданні. Такім чынам, галоўная праблема Касцёла ў ім самім – тут не справа свету, абмежаванняў ці пераследаў. Калі Касцёл застаецца верным свайму пакліканню, ён становіцца прыладай Бога.

Галоўнай праблемай сённяшняга свету з’яўляецца не зло – але адсутнасць прапановы альтэрнатывы. Людзі пражыгаюць жыццё, зарабляючы вялікія грошы, ганяюцца за рэчамі, робяць тое, за што потым шкадуюць, бо не знаходзяць альтэрнатывы больш шляхетнага жыцця. А гэту альтэрнатыву можа прапанаваць толькі Касцёл. Калі Касцёл не з’яўляецца самім сабой – ён адказны за тое, што адбываецца ў свеце. Сакрамэнт канфірмацыі далучае нас да супольнасці пакліканных, якія маюць гэтую асаблівую місію у свеце – прапаноўваць альтэрнатыву, якой з’яўляецца жыццё ў братэрстве і любові і існаванне нечага большага за свет.








All the contents on this site are copyrighted ©.