2012-07-10 16:03:39

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Паляванне на вядзьмарак – ці вінаваты Касцёл?


RealAudioMP3 Вераванні, заснаваныя на заклёнах і магіі былі характэрнымі для ўсіх старажытных культур. Але адносіны да іх былі розныя. Ужо ў законах Майсея, яўрэям забаранялася карыстацца магіяй і варажбой. Рымскае права таксама карала за магію спаленнем на кастры. Аднак у дакументах, якія сведчаць аб жыцці першых хрысціянскіх супольнасцяў, мы не знаходзім увогуле ніякіх узгадак аб наяўнасці чарадзейства. Што ж тычыцца карання за іншадумства... Калі ў 415 г. хрысціяне Аляксандрыі бічавалі жанчыну-філосафа з кола неаплатаністаў, біскупы асудзілі гэта; яны казалі аб “вялікай ганьбе”, якая не мае нічога супольнага з верай. Шырока распаўсюджанай вера ў вядзьмарак была сярод язычніцкіх германскіх народаў. Існаваў звычай спальваць абвінавачаных у варажбе жанчын, а затым з’ядаць іх целы, каб атрымаць цудадзейныя здольнасці. З гэтымі звычаямі змагаўся імператар Рымскай Імперыі Карл Вялікі. Таксама ў эдыкце Ротара VII cт. – зборніку законаў лангабардаў, якія зусім нядаўна сталі хрысціянамі – забаранялася забіваць вядзьмарак, бо хрысціяне не павінны былі верыць у іх. У 1080 г. папа Грыгорый VII пісаў каралю Гаральду Дацкаму, каб не пераследаваў жанчын, аб якія ходзяць чуткі, што выклікаюць дрэннае надвор’е, навальніцы і хваробы, бо гэта варварскі і язычніцкі звычай. Так чаму адказнасць за спаленне на кастрах тысяч жанчын ускладаюць на Касцёл? Паспрабуем разабрацца ў сённяшняй праграме.

Інквізіцыя цікавілася “вядзьмаркамі” і “магамі” толькі ў тых выпадках, калі гаворка ішла аб ератыках, напрыклад катарах ці валдэнсах. У 1258 г. папа Аляксандр IV загадаў інквізітарам не займацца справамі варажбітаў, за выключэннем тых выпадкаў, калі гаворка ішла аб ерасі. Цікава, што ў справаздачах аднаго з найбольш знакамітых інквізітараў Бернарда Гуя няма ніводнай узгадкі аб працэсе над вядзьмаркамі ці магамі.

Аднак жа, на мяжы XIV-XV ст. Касцёл часткова саступіў перад ціскам язычніцкіх народных забабонаў. Істэрыка па прычыне вядзьмарак пачалася ў альпійскім рэгіёне – у мястэчках Шафгаўзэн і Люцэрн, на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі. Тут людзі масава пачалі абвінавачваць у сваіх бедах і кепскім надвор’і жанчын і мужчын, якія займаліся магіяй. Паводле рымскага права, такая дзейнасць каралася спаленнем на кастры, што ў выніку і пачало рабіцца. Толькі у адным кантоне Валес свецкімі ўладамі было асуджана на спаленне каля 100 чалавек. Затым падобныя працэсы адбыліся на поўдні Германіі і поўначы Італіі. Многія тагачасныя юрысты, аналізуючы гэты феномен, пачалі казаць аб існаванні “секты вядзьмарак”. У гэты перыяд быў зафіксаваны толькі адзін унікальны выпадак, калі жанчын, абвінавачаных у вядзьмарстве, прызнаў ератычкамі інквізітар. Гэта адбылося ў 1384 г. у Мілане.

Аднак, сур’ёзна у масавы псіхоз з вядзьмаркамі Касцёл уцягнуў нямецкі дамініканін Генрых Крамер. Гэты персанаж кіраваў дзейнасцю інквізіцыі на поўдні Германіі, аднак сам не вылучаўся асаблівай прыстойнасцю: былі зафіксаваны выпадкі калі ён біўся, краў у сваіх братоў, прысвойваў грошы, выплачаныя за індульгенцыю і толькі цудам пазбягаў арышту. Свае ўчынкі ён тлумачыў тым, што яму былі патрэбны сродкі на барацьбу з ератыкамі, сярод якіх “некаторыя жанчыны, што выракаліся веры”. Так ён пачаў сваё “паляванне”. Нягледзячы на пратэсты некаторых святароў і біскупаў ён нават здолеў запэўніць папу Інакенція VIII, які толькі пачынаў свой пантыфікат, у існаванні на поўначы Германіі “вядзьмарскай секты”. Папа паверыў і выдаў булу, у якой дазволіў Крамеру пераследаваць магаў і вядзьмарак паводле каталіцкіх законаў, а затым перадаваць вінаватых для суда свецкім трыбуналам. Аднак, паўсюль, дзе з’яўляўся Крамер, ён сустракаў супраціў мясцовых біскупаў, якія бачылі ў інквізітары жосткага, неўраўнаважанага, прагнага да крыві чалавека. Нарэшце, не атрымаўшы належнага задавальнення і засмучаны тым, што ніхто вакол не бачыў “небяспекі”, што навісла над светам, інквізітар зачыніўся ў кляштары і пачаў пісаць сваю кнігу, якая стала вядома ва ўсім свеце як прыклад хворага, фальшывага і змочанага ў крыві літаратурнага твору – гаворка ідзе аб знакамітым “Молаце вядзьмарак”.

Гэта кніга не была апублікавана інквізіцыяй, як сцвярджае Дэн Браўн у сваім “Кодзе да Вінчы”, але самім Крамерам. У прамове да “Молату” ён змясціў тэкст папскай булы аб дазволе на пераслед чарадзеяў, маўляў – Пантыфік благаславіў кнігу, чаго на самой справе не было. Цікава, што була Папы тычылася і мужчын і жанчын, аднак Крамер сваю кнігу прысвяціў выключна прадстаўніцам слабой паловы чалавецтва. Твор складаўся з трох частак: у першай апавядалася аб прыродзе вядзьмарак; у другой – аб метадах абароны і вызвалення ад іх чараў; а ў трэццяй – аб тэарытычных і практычных аспектах вядзення працэсу супраць іх. Напрыканцы Крамер сцвярджаў, што найбольшай ерассю з’яўляецца нявер’е ў існаванне вядзьмарак – так ён далучаў да ератыкоў усіх, хто адмаўляў неабходнасць “палявання”. Такім чынам, у гісторыі Касцёла Крамер застаўся чалавекам, які на кароткі перыяд выкарыстаў давер Пантыфіка, але пакінуў вялікую брудную пляму на ўсім каталіцкім сярэдневеччы.

Ідэі Крамера шырока распаўсюдзіліся сярод свецкіх уладароў тагачаснай Еўропы. Яны лічылі вядзьмарства свецкім злачынствам, нападам на грамадства, якое падлягала грамадзянскаму суду. Законы Карла V, агульныя для ўсёй Рымскай Імперыі, абавязвалі асуджаных спальваць на кастры. Такім чынам, спроба Крамера пераўтварыць вядзьмарства ў ерась і даверыць яе інквізіцыі засталася няўдалай.

Аднак, яго кніга, якая шырока распаўсюдзілася ў Еўропе, выклікала вялікі страх сярод людзей перад тымі, хто займаўся магіяй. У выніку паводле адзнакаў гісторыкаў, на кастрах загінула ад 30 тыс. да 50 тыс. чалавек, 80% з якіх былі жанчыны. З гэтай колькасці працэсаў, толькі каля 1000 правялі прадстаўнікі інквізіцыі, сярод якіх 200 сам Крамер. Канешне, гэта вялікая колькасць, але не такая, як сцвярджаюць стваральнікі “чорных леганд” аб Касцёле, гаворачы аб 9 млн. спаленых. Цікава, што найбольшая колькасць працэсаў прайшла ў Германіі, Швейцарыі і ўсходняй Францыі, рэгіёнах, якія аддаляліся ад каталіцтва ў бок пратэстантызму. У Германіі, напрыклад, сам Марцін Лютэр падтрымаў паляванне на магаў і чарадзеек. А вось у каталіцкай Ірландыі за ўсю гісторыю толькі аднойчы былі асуджаны чатыры чалавека. Акрамя таго, варта падкрэсліць, што Папы даверылі інквізіцыі заданне сачыць за тым, каб не было злоўжыванняў падчас судовых працэсаў. Захаваліся шматлікія сведчанні інквізітараў аб тым, што свецкія судзі адносіліся да абвінавачаных прадузята і імкнуліся ўсімі сродкамі давесці працэс да пакарання на кастры.

З усяго вышэйсказанага бачна, што Касцёл не з’яўляецца ініцыятарам палявання на вядзьмарак, у чым яго часта абвінавачваюць. Гэта злачынства перш за ўсё было звязана з неадукаванасцю, верай у забабоны і жаданнем скінуць віну за свае праблемы на іншых, якія справакаваныя кнігай Крамера пераўтварыліся ў масавы псіхоз. Касцёл хоць і быў уцягнуты ў гэту авантуру адным са сваіх неадказных членаў, прыкладаў шмат намаганняў, каб выратаваць невінных.








All the contents on this site are copyrighted ©.