У Будславе завяршылася
святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай – аднаго з самых доўгачаканых і любімых
святаў католікаў Беларусі. У фэсце, які па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі быў перанесены на першую суботу месяца, якая прыпала на 7 ліпеня, прынялі
ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Яшчэ вечарам 6 ліпеня да святыні пачалі прыбываць
тысячы пілігрымаў з розных куткоў нашай краіны, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу
Маці Божай і даверыць Найсвяцейшай Панне свае радасці і патрэбы. Сёлета ў Будслаў
пешшу прыйшлі каля 2,5 тыс. пілігрымаў. Акрамя таго, прыбылі пілігрымы з Расіі і велапілігрымы
з Мінска і Барысава. У будслаўскіх ўрачыстасцях прынялі ўдзел, Апостальскі нунцый
у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, госць з Расіі – біскуп дыяцэзіі
св. Клімента ў Саратаве Кліменс Пікель, і канешне беларускія іерархі на чале з Мітрапалітам
Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.
“Гэты год – гэта апошні год прыгатаванняў
да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза ў Будслаў. Тэма сёлетняй урачыстасці
“Марыя – Маці Збаўцы”. Адметнай часткай гэтага фэсту будзе тое, што з Чэхіі прыбыла
вельмі вядомая ва ўсім свеце фігура Езуса, як дар для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У якім касцёле гэта фігура будзе захоўвацца мы яшчэ не ведаем – трэба вырашыць, падрыхтаваць
адпаведны алтар, але менавіта на гэтым фэсце гэта фігура перадаецца”, - расказаў нашаму
радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
7 ліпеня, кульмінацыйным момантам урачыстасці,
стала св. Імша падчас якой, пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас перадаў Мітрапаліту
Тадэвушу Кандрусевічу копію цудоўнай фігуры Дзіцятка Езус Пражскага. Падчас літургіі
вернікі маліліся за асобаў, якія сёлета адзначаюць 25- ці 50-гадовы юбілей – святарства,
законнага жыцця, або сужэнства. Юбіляры атрымалі спецыяльнае благаслаўленне. Пасля
набажэнстваў, калі настаў час вяртацца ў родныя гарады і мястэчкі, вялікая колькасць
вернікаў заставалася каля святыні. Гэта сведчыць, што сэрцы беларусаў жадаюць заўсёды
быць побач са сваёй Маці і апякункай.