2012-07-06 11:46:17

Еўрапейскі парламент выступіў супраць абортаў у Кітаі


RealAudioMP3 Еўрапейскі парламент асудзіў прымусовыя аборты ў Кітаі. Прынятая 5 ліпеня рэзалюцыя падкрэслівае, што “у выніку палітыкі аднаго дзіцяці ў Кітаі атрымалі шырокае распаўсюджанне нелегальныя аборты, мэта якіх – адбор па палавой прыкмеце, што стварае няроўнасць паміж колькасцю мужчын і жанчын”. Дэбаты з нагоды “скандалу прымусовых абортаў у Кітаі” былі праведзены ў Страсбургу па просьбе Конрада Шыманскага з групы Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў і членаў Еўрапейскай народнай партыі. Непасрэднай прычынай было выкраданне і прымусовы аборт Фэнг Дзянмэй, якая была на сёмым месяцы цяжарнасці. Інцыдэнт адбыўся 2 чэрвеня 2012 г. у Жэпінг ў Кітаі.

У сваёй рэзалюцыі Еўрапейскі парламент “рашуча асуджае рашэнне аб прымушэнні спадарыні Фэнг да аборту і наогул асуджае практыку прымусовых абортаў і стэрылізацыі, асабліва ў сувязі з палітыкай аднаго дзіцяці”.

Спрэчкі выклікалі не да канца зразумелыя палажэнні рэзалюцыі “Аб рэпрадуктыўным здароўі”, якія могуць наводзіць на думку аб прымальнасці абортаў. Тым не менш, парламент прыняў папраўку Шыманскага, якая зліквідавала папярэднюю фармуліроўку. Парламент прыняў таксама папраўку Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў і Еўрапейскай народнай партыі, якая звяртае ўвагу на тое, што ЕС фінансавала і фінансуе арганізацыі, якія займаюцца палітыкай планавання сям’і ў Кітаі.

Парламент, у выніку супраціву левых партый, адхіліў папраўку, прадстаўленую Шыманскім, у якой гучаў заклік да Еўрасаюзу, каб той перагледзеў свае цесныя партнёрскія адносіны з Фондам народанасельніцтва ААН, Міжнародным фондам планавання бацькоўства і “Marie Stopes International” і прыпыніў іх фінансаванне. Усе гэты арганізацыі падазраюцца ў фінансаванні абортаў у Кітаі, у тым ліку прымусовых. “Дыскусія паказала, што левыя, сацыялістычныя, партыі не ў стане рашуча выступіць супраць абортаў, нават калі яны прымусовыя”, - сказаў Шыманскі.







All the contents on this site are copyrighted ©.