2012-07-04 13:32:46

“Веру, ведаю, разумею”. Што такое вера?


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце канфірмацыі. У мінулай праграме мы падыйшлі да абраду вызнання веры і задаліся пытаннем – а што такое вера? Канешне, акрэсліць у двух словах, што такое вера, вельмі складана, таму, мы вырашылі паглядзець перш за ўсё на тое, чым вера не з’яўляецца. Першае, што мы ўбачылі – гэта, што вера – не пачуцце. Пачуцці прыходзяць і адыходзяць, узнікаюць у сувязі з тымі ці іншымі абставінамі. Але вера вызнаецца нават у сітуацыях далёкіх ад эмацыйнай узнёсласці. Пачуцці могуць дапамагаць у веры, быць адпраўной кропкай, але ніяк не з’яўляюцца самой верай.

Іншае распаўсюджанае меркаванне заключаецца ў тым, што вера – гэта рацыянальны акт. Канешне, гэта так – вера гэта разумны, рацыянальны, лагічны акт. Паміж верай і розумам не існуе кантрасту, аднак вера пераўзыходзіць розум. Чаму? Таму што часам мы пакліканы верыць у тое, што наш розум нам патлумачыць не можа ці нават наадварот – адкідае і не прымае. Многія рэчы, якія нас акружаюць не заўсёды лёгка зразумець розумам, але гэта не азначае, што яны з’яўляюцца памылковымі. Калі я буду верыць толькі ў тое, што разумею, тады мая вера будзе вельмі маленькай. Вера нам патрэбна для таго, верыць у нешта большае, сягаць вышэй за розум.

Яшчэ адно памылковае меркаванне заключаецца ў тым, што вера, гэта нібыта прызнанне серыі дагматаў. Маўляў, вера гэта вызнанне пэўных праўдаў. Але часам гэта вызанне адбываецца даволі аўтаматычна: ну веру і веру, гэта ж у мяне нічога не забірае! Але вера ў праўды – гэта толькі адна з адзнакаў сапраўднай веры. У іх неабходна верыць, але яны з’яўляюцца толькі адпраўным пунктам акта веры.

Чарговым памылковым уяўленнем аб веры з’яўляецца прадстаўленне яе ў якасці нечага незвычайнага, нечаканага ў жыцці. Напрыклад вера, звязаная з цудамі. Але зноў жа, цуды – гэта толькі плёны веры. Езус у Евангеллях патрабаваў веры перад тым як чыніць цуды. Чаму? Таму што вера павінна надаць правільны сэнс гэтым цудам. Цуды служаць перш за ўсё для таго, каб дапамагчы ўзрастаць у веры, яны маюць толькі факультатыўную функцыю. Што такое цуды? Гэта ўмяшальніцтва Бога ў сітуацыю канкрэтнага чалавека ці народа, з дапамогай якога сітуацыя змяняецца. Але вера гэта нешта большае, чым проста прызнанне цуду. Вера можа быць у чалавека нават тады, калі нічога ў яго жыцці не зменяецца. Езус зрабіў шмат цудаў, але Ён не збавіў свет з іх дапамогай. Ён не сышоў з крыжа, як яго прасілі: сыйдзі з крыжа і мы паверым у цябе! Такая яна – вера ў цуды: змяні маю сітуацыю – і я паверу ў цябе.

Яшчэ адзін аспект, – сведкамі цудаў становяцца нямногія людзі. Гэта магло б азначаць, што і вера не ўласцівая кожнаму чалавеку, але выключна групе абраных. Аднак, у сапраўднасці, вера даступна любому чалавеку на зямлі. Такім чынам, мы бачым, што і цуды – гэта не абавязковы элемент для веры.

Пасля гэтых доўгіх разважанняў аб тым, чым вера не з’яўляецца, я думаю настаў час паразмаўляць аб тым, чым яна ёсць на смой справе. Канешне, мы не зможам акрэсліць усіх аспектаў веры – але паспрабуем закрануць галоўныя.

Калі мы адкрыем малітоўнік “Ойча наш” на старонцы 36, то ўбачым акрэсленне веры. Там напісана, што вера – гэта Боская цнота. Што гэта значыць? Гэта значыць, што вера, з аднаго боку з’яўляецца цнотай, якая дасягаецца, практыкуецца, утрымліваецца сілай чалавека, з’яўляецца актам, які трэба выконваць. Мець цноту – азначае прытрымлівацца яе, захоўваць, бараніць. Такім чынам, цнота з’яўляецца нашым уласным актам. Аднак, адначасова, вера з’яўляецца цнотай Боскай. Боская – азначае, што паходзіць ад Бога.

Мы бачым, што вера з’яўляецца дарам (бо паходзіць ад Бога), які мы павінны захоўваць, бараніць і практыкаваць (як цноту).

Тут узнікаюць два пытанні: як мне атрымаць веру і як яе практыкаваць? Паспрабуем разабрацца. Вера – гэта дар даступны кожнаму чалавеку, незалежна ад яго асабістых якасцяў. Ці падарыць тую ці іншую рэч, вырашае толькі той, хто яе дорыць – у дадзеным выпадку Бог. Важна падкрэсліць, што вера – гэта дар, а не ўзнагарода. Дар дорыцца проста так, а ўзнагарода, за нешта.

А дзе я магу атрымаць гэты дар? Вельмі проста – у Касцёле. Дарыць веру – гэта заданне Касцёла і бяда, калі ён не выконвае яго. Праз прапаведванне Евангелля, Касцёл дорыць веру, а чалавек, “праз слуханне”, як казаў св. Павел яе атрымлівае. Слуханне Божага Слова, Евангелля Хрыста, Добрай навіны – з’яўляецца фундаментальным для прыняцця дару веры.Акрамя Касцёла дар веры можа даць чалавеку яго сям’я, праз хрысціянскае выхаванне, да якога пакліканы ўсе бацькі. Таксама мы можам атрымаць веру праз іншых людзей, якіх сустракаем на сваім жыццёвым шляху і якія яе ўжо маюць.

Фундаментальнай рэччу з’яўляецца тое, што веру мы заўсёды атрымліваем – мы не маем яе першапачаткова. Яе можна толькі атрымаць. Нават калі перажываем крызіс веры, губляем яе – неабходна звярнуцца да крыніцы – ісці туды дзе можна слухаць Божае Слова, слухаць таго, хто перадасць словы Хрыста.

Але, нагадаю, што акрамя таго, што вера – гэта дар, яна таксама з’яўляецца цнотай. Гэта азначае, што мы пакліканы практыкаваць яе, жыць ёю, прымяняць яе, рэалізоўваць у сваім жыцці. І тут мы падыйшлі да сутнасці сённяшняй праграмы – да этымалагічнага акрэслення тэрміну “вера”. На старажытнаяўрэйскай мове слова “вера” гучыць як “эмуна” – ад яго паходзіць знаёмае нам слова “амэн”. Гэта слова азначае – “абапірацца на нешта”. Такім чынам, мець веру, азначае мець кропку апоры, стабільнасць – адмовіцца ад сляпога даверу ўласным сілам, уласнаму розуму, грошам, рэчам, і даверыцца таму ў каго верыш – Богу. Ён дае нам стабільнасць нават тады, калі не маем нічога. Акт веры азначае давер да Бога – упэўненасць у тым, што Бог мяне любіць, што Ён мой Айцец, што Ён усё бачыць і клапоціцца пра мяне. Кожны з нас павінен спытаць у самаго сябе – калі апошні раз паверыў, насуперак уласным пачуццям ці розуму, не чакаючы цудаў?

Але чаму я павінен адмовіцца ад маіх пачуццяў і розуму? Таму што, пакуль не адмовімся, будзем заставацца на тым жа месцы і не будзем рухацца ні ў які бок. Давяраючы Богу, наадварот, мы сустрэнемся з веліччу Яго даляглядаў, перакрочым саміх сябе, атрымаем незвычайную моц, здольнасць прымаць незвычайныя рашэнні. Бог ведае шляхі, схаваныя ад нашага розуму. Бог ведае аб існаванні рашэнняў, аб якіх мы нават не здагадваемся. І праз веру ён нас павядзе да іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.