2012-07-04 12:02:03

Святы Пасад востра крытыкуе біскупскае пасвячэнне ў Кітаі


RealAudioMP3 Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў выступіла з рэзкай крытыкай наступнага біскупскага пасвячэння без згоды Папы ў Кітаі. Паводле інфармацыі, кс. Джузэпэ Е Фушэнг з Апостальскай адміністратуры ў Харбіне рыхтуецца да прыняцця біскупскай сакры, на якую Святы Пасад не пагадзіўся. Кангрэгацыя нагадвае, што біскупскае пасвячэнне без згоды Пантыфіка стаіць у супярэчнасці з паўнамоцтвамі, якімі Хрыстус надзяліў св. Пятра і яго Наступнікаў.

“Прызначэнне біскупаў Папам дае гарантыю адзінства Касцёла і яго іерархічнасці”, - адзначае ватыканская дыкастэрыя ў сваім спецыяльным звароце і падкрэслівае, што Кодэкс Кананічнага Права прадугледжвае сур’ёзныя санкцыі як для біскупа, які ўдзяляе сакру без згоды Апостальскай Сталіцы, так і для таго, хто яе прымае. “Такое пасвячэнне наносціь балючую рану касцёльнаму адзінству і з’яўляецца сур’ёзным парушэннем кананічнай дысцыпліны”, - адзначае Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што ўлада Папы мае выключна рэлігійны і духоўны характар і не мае характару ўмяшання “ва ўнутраныя справы дзяржавы і абразы яе суверэнітэту”, што замацавана таксама ў міжнародных дакументах аб рэлігійнай свабодзе. “Прызначэнне біскупаў – гэта не палітычнае, а рэлійнае пытанне”, - адзначаецца ў паведамленні.

Ватыканская дыкастэрыя падкрэліла, што планаванае біскупскае пасвячэнне ў Харбіне будзе спрыяць выключна падзелам і напружанням унутры каталіцкай супольнасці Кітая, таму кс. Е Фушэнг быў паінфармаваны аб тым, што Святы Пасад не дае згоды на яго сакру.








All the contents on this site are copyrighted ©.