2012-07-04 12:15:21

Пераход арцыбіскупа Мюлера ў Рым страта для Касцёла ў Германіі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер з’яўляецца “найбольш яркай фігурай у нямецкім епіскапаце, а паўсюдны Касцёл патрэбуе таленавітых людзей, якія маюць найбольшы патэнцыял”, - сказаў брат Бэнэдыкта XVI, кс. прэлат Георг Ратцынгер, у інтэрв’ю нямецкай “Passauer Neue Presse”, каментуючы прызначэнне былога Біскупа Рэгенсбурга прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. “Для Касцёла ў Германіі пераход арцыбіскупа Мюлера ў Рым, безумоўна, страта, таму што ён даў яму шмат імпульсаў”, - сказаў святар. “Але я асабіста, - дадаў ён, - жадаю яму, каб знайшоў час унікнуць у новае заданне, і каб у гэтыя неспакойныя часы яго не ўцягнула адразу ў вір абавязкаў”.

Акрамя таго, Біскуп Майнца кардынал Карл Леман, павіншаваў свайго былога вучня. У спецыяльным лісце ён адзначыў, што арцыбіскуп Мюлер прымае пасаду надзвычай важную для Паўсюднага Касцёла. Шматгадовы старшыня епіскапату Германіі выказаў сваю радасць з таго, што Папа так высока ацаніў “дзейнасць арцыбіскупа Мюлера як выкладчыка тэалогіі і біскупа”.

Біяграфія арцыбіскупа Мюлера цесна звязана з цяперашнім Біскупам Майнца. У 1977 г. кардынал Леман быў кіраўніком яго доктарскай дысертацыі на тэму пратэстанцкага тэолага Дзітрыха Банхефера. Пад кіраўніцтвам таго ж кардынала Лемана Мюлер зрабіў так званы вялікі дактарат (габілітацыю) у галіне дагматыкі і тэалогіі экуменізму.







All the contents on this site are copyrighted ©.