2012-07-03 16:14:52

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Паміж Божымі і секулярнымі законамі


RealAudioMP3 Сёння мы працягваем нашыя разважанні, прысвечаныя няпростай справе: жыццю хрысціяніна ў секулярным грамадстве. Назіраючы за тым, як выглядаюць адносіны паміж матэрыялістычнай і хрысціянскай культурай, часам можа ўзнікнуць насцярожанасць. Аднак глыбейшы аналіз гэтых адносінаў адкрывае аптымістычныя далягляды новай евангелізацыі. Секулярызм ніколі не павінен быць для верніка прычынай песімізму. Наадварот, гэта выклік сучаснасці, які заахвочвае да большай адвагі ў сведчанні аб мудрасці і любові Бога – Стварыцеля і Збавіцеля.

У сённяшняй і наступнай нашых перадачах мы пастараемся паназіраць за праблемай адносінаў сучаснага чалавека да права і норм у самым шырокім значэнні. Паназіраем за тым, якія перспектывы прапаноўвае Касцёл са сваімі нормамі веры і маралі. І заўважым, наколькі сур’ёзную пагрозу і безперспектыўнасць прапаноўвае секулярны шлях. Распачнем нашыя сённяшнія разважанні з аналізу таго, што прапаноўвае і перад якімі нарматыўнымі парадоксамі ставіць сучасны свет ідэалогія секулярызму.

Здаецца, не трэба быць вялікім знаўцам права, каб заўважыць глыбокія адрозненні ў падыходзе да ўсялякіх норм і правіл паміж бязбожнай і веруючай асобай.

Секулярысты вераць у тое, што па-за зямным жыццём нічога няма. Для іх існуе толькі зямны побыт чалавека і яго матэрыяльны дабрабыт. Таму мэтай жыцця, паводле гэтага светапогляду, будзе задавальненне толькі фізічных патрэбаў асобы. Атрымліваецца, што чалавек на зямлі як Бог, ён сам сабе прыдумвае, як і для чаго жыць. Адсюль вынікаюць і адносіны да нормаў і правіл. Усе законы ствараюцца толькі для таго, каб людзі не панішчылі адно аднаго. Бо жывёлы, неразумныя істоты, жывуць па законах прыроды. І толькі чалавек здольны выйсці па-за гэтыя законы і пачаць жыць па-іншаму. Таму, паводле секулярнага мыслення, чалавек становіцца і крыніцай і мэтай кожнага права. Людзі прыдумваюць розныя правілы для таго, каб адрэгуляваць адносіны паміж сабою. І гэтыя нормы датычаць усіх сфераў жыццядзейнасці, у тым і маральнай сферы.

Не дзіўна, што секулярысты, не прызнаючы нікога акрамя саміх сябе, імкнуцца будаваць такія законы і правілы, якія ім падабаюцца. Адкідваючы хрысціянскую мараль, секулярная ідэалогія навязвае сучаснаму чалавеку суб’ектыўны, эгацэнтрычны падыход да існуючых правілаў і законаў. Лічачыся толькі з зямнымі капрызамі свайго пакалення, падпарадкаваныя такой ідэалогіі ўлады імкнуцца адпаведна рэгуляваць не толькі грамадскія адносіны, але пачынаюць камандаваць у сферы маралі, духоўнасці і навукі. У краінах, дзе працэс секулярызацыі закараніўся вельмі глыбока, прыняцце законаў даходзіць да абсурду. Напрыклад, рэалізоўваюцца ідэі па селекцыі людзей, вядомыя нам з часоў гітлерызму. Гэта забіццё людзей слабых, хворых, састарэлых, непажаданых бацькамі або медыкамі. Вядома усё гэта маскіруецца пад медычнымі тэрмінамі: эўтаназія, рэгуляцыя, аборт, усыпленне…

Да абсурдаў даходзяць страхі секулярыстаў перад людзьмі, якія вераць у Бога. Ствараючы негатыўны вобраз верніка, яны развязваюць сабе рукі да таго, каб забараняць нават найменшыя праявы рэлігійнасці. Адным з прыкладаў вяршыні хрысціянафобіі стала гучнае і прамое ўмяшанне секулярных ідэолагаў у навуку. Гэта адбылося ў 2007 годзе, калі Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, якая заклікала забараніць вучоным даследаванні, якія падрываюць ідэалогію дарвінізма. Можна было б смяяцца з усяго гэтага, калі б секулярысты-заканадаўцы былі героямі фантастычнай літаратуры. Аднак яны - рэальнасць ХХІ стагоддзя. І гэтая рэальнасць, нажаль, пранікае і ў Беларусь. Хоць у нашай краіне яшчэ не ставіцца пад сумнеў традыцыйны інстытут сям’і і сужэнства. То першыя крокі па вынішчэнні гэтых каштоўнасцей ужо робіцца пад ціскам секулярнай ідэалогіі. Прыкладам могуць быць нядаўна легалізаваныя тэхналогіі па вынішчэнні дзесяткаў тысяч ненароджаных дзяцей пад сціплай назвай ЭКА – экстракарпаральнае апладненне. Вынішчаюцца маральныя, псіхалагічныя і духоўныя асновы мацярынства і ідэнтычнасць будучага дзіцяці ў выніку легалізацыі і прапаганды т.зв. сурагатнага мацярынства. Распрацоўваецца т.зв. ювенальнае права, якое пад гуманным лозунгам абароны дзяцей скіраванае на знішчэнне сям’і.

Складваецца ўражанне, што крок за крокам рэалізоўваецца нейкі жудасны і мэтанакіраваны план па знішчэнні сям’і і дэградацыі чалавека. Здаецца, палітыкі-секулярысты так загуляліся ў Бога, ствараючы анты-Божыя законы, што даводзяць свае грамадствы да краю не толькі духоўнай, але і фізічнай бездані.

На фоне крызісу секулярнага праекту вучэнне Касцёла не перастае заклікаць людзей да розуму, цвярозай ацэнкі сітуацыі,абароны вечных каштоўнасцей: сям’і, духоўнасці, годнасці кожнага чалавека. Прапаноўваючы жыць паводле адвечных Божых запаведзяў, каталіцкае веравучэнне імкнецца растлумачыць сучаснаму чалавеку іх неабходнасць. І гэта не капрызы касцёльных іерархаў ці заканадаўцаў. Жыць па-Божаму, захоўваць нормы касцёльнага права – гэта дадзеная Богам і правераная тысячагадовым вопытам дарога да пабудовы здаровай асобы, сям’і і грамадства.

Варта нам, хрысціянам, не цурацца, а пазнаваць і шанаваць тыя запаведзі і законы, якія даў нам Бог і, нягледзячы на жорсткую крытыку, не перастае пераказваць святы Касцёл.








All the contents on this site are copyrighted ©.