2012-06-30 14:17:40

У Мінску прайшоў прыём у гонар Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 29 чэрвеня 2012 г. у Мінску адбыўся прыём з нагоды 7-годдзя Пантыфікату і 85-годдзя з дня нараджэння Бэнэдыкта XVI. На запрашэнне Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці адзначыць гэту падзею сабраліся ўсе каталіцкія іерархі Беларусі, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, гарадскіх уладаў, Міністэрства замежных спраў і дыпламатычных місій. Падчас адкрыцця цырымоніі прагучалі гімны Ватыкана і Беларусі, паведамляе catholic.by.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звярнуўшыся да прысутных на беларускай мове, назваў беларускі народ моцнай нацыяй, размова з якой без ўліку яе гістарычнага вопыту, будзе заўсёды неэфектыўнай. На яго думку, роля Святога Пасаду менавіта ў намаганнях “дазволіць адбыцца дыялогу – дыялогу ўнутры краіны і дыялогу на міжнароднай арэне”. Апостальскі нунцый выказаў надзею, “што беларускі шлях да свабоды і справядлівасці будзе працягвацца і будзе кіравацца маральна прымальнымі прыладамі сучаснай эканомікі, не выключаючы сацыяльную падтрымку”.

Намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына падчас прыёму адзначыла, што плённая дзейнасць Пантыфіка па распаўсюджванні справядлівасці ва ўсім свеце з’яўляецца найлепшым прыкладам служэння людзям. Паміж Святым Пасадам і Беларуссю, як адзначыла Алена Купчына, склаліся добрыя сяброўскія адносіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.