2012-06-29 14:14:53

Сярод будучых благаслаўлёных мучанікаў – італьянскі змагар з мафіяй


RealAudioMP3 Сярод дэкрэтаў аб прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў, зацверджаных 28 чэрвеня Бэнэдыктам XVI, ёсць адзін, які тычыцца асобы італьянскага святара кс. Джузэппэ Пуглізі, забітага ў 1993 г. сіцылійскай мафіяй. Навіна аб гэтым хутка распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках і італьянскіх СМІ, што сведчыць аб шырокім прызнанні ўкладу святара і ўсяго Касцёла ў барацьбу супраць беззаконня і любога парушэння права. Кс. Пуглізі нарадзіўся ў 1937 г. у Палерма – калысцы сіцылійскай мафіі. Ён паходзіў з беднай сям’і. Пасля вучобы ў семінарыі атрымаў святарскае пасвячэнне і пачаў актыўную душпастырскую працу сярод “складаных падлеткаў” і наркаманаў у адным з кварталаў роднага горада, падкантрольнага мафіі. Святар дапамагаў многім маладым людзям не патрапіць пад уплыў крымінальнай групоўкі, за што неаднаразова атрымліваў пагрозы. У 1993 г., незадоўга да смерці, ў падкантрольным мафіі раёне горада заснаваў евангелізацыйны цэнтр “Ойча Наш”, які прыцягваў да сябе шмат дзяцей і моладзі. 15 верасня 1993 г. святар быў застрэлены злачынцамі на парозе ўласнага дома.

Іменем будучага благаслаўлёнага названы шматлікія італьянскія школы, у яго гонар штогод уручаецца літаратурная прэмія, італьянская пошта выпусціла спецыяльныя маркі, да 10-й гадавіны яго мучаніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.